Мінск 16:23

Лукашэнка прызначыў намеснікаў старшыні НАН, новага рэктара Акадэміі мастацтваў

Ілюстрацыйнае фота: сайт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

3 сакавіка, Позірк. Першым намеснікам старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) прызначаны Віталь Залескі, які дагэтуль узначальваў Фізіка-тэхнічны інстытут НАН; намеснікам — Аляксей Труханаў, раней акадэмік-сакратар аддзялення НАН у галіне хіміі і навук пра Зямлю. Адпаведнае рашэнне 3 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка.

“Без навукі няма развіцця. Што тычыцца нашай навукі, я не скажу, што мы загніваем з пункту гледжання навукі, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Але тое, што дае нам навука, асабліва для прыкладных напрамкаў, гэта вельмі недастаткова. Тое, што нам трэба ўзварушыць Акадэмію навук, — гэта факт”.

Лукашэнка таксама ўзгадніў новых кіраўнікоў у Камітэце дзяржаўнага кантролю: у якасці намесніка старшыні КДК — Максіма Аляшкевіча, кіраўніка па Мінскай вобласці — Анатоля Дарожку, па Гродзенскай — Аляксея Іглікава.

Пасаду намесніка міністра эканомікі зойме Аляксей Зубовіч, першага намесніка старшыні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях — Яўген Зенчанка.

Прыняты шэраг рашэнняў, якія тычацца кіроўнага складу на ўзроўні мясцовых уладаў. Так, на пасаду старшыні Столінскага райвыканкама (Брэсцкая вобласць) узгоднены Сяргей Жыдзецкі; Лагойскага (Мінская вобласць) — Сяргей Зубель; кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста — Аляксандр Уласавец; адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста — Мікалай Яхімовіч.

Кажучы пра Брэст і Лагойск, Лукашэнка заявіў, што для яго важна, каб гарады былі ў парадку.

Рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў стала Анастасія Каласоўская, якая раней была прарэктарам БДАМ па навучальнай працы.

Падзяліцца: