Мінск 11:46

Латушка паведаміў аб адхіленні судом ЕС апеляцый “Беларуськалія” і БКК

Ілюстрацыя: lrt.lt

18 чэрвеня, Позірк. Суд Еўрапейскага саюза адхіліў апеляцыі па аб’яднанай справе “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК), санкцыі не здымаюцца, актывы не размарожваюцца, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“Рашэнне суда ЕС — гэта важны прэцэдэнт, — прыводзіць словы палітыка яго прэс-служба. — Спроба аспрэчыць такія паняцці, як “падтрымка рэжыму Лукашэнкі“, правалілася”.

Як адзначыў Латушка, суд пацвердзіў, што калі буйны бізнэс “корміць дыктатуру і душыць пратэсты ўласных рабочых, то еўрапейскія санкцыі супраць яго — абсалютна законныя, апраўданыя і прапарцыйныя“.

Ён лічыць, што суд дэталёва распісаў, чаму “Беларуськалій“, БКК і былы кіраўнік “Беларуськалія“ Іван Галаваты “законна знаходзяцца ў “чорных спісах”.

Паводле слоў палітыка, суд ЕС пацвердзіў, што выплата шматмільённых дывідэндаў дзяржаве — прамая фінансавая падтрымка рэжыму. Акрамя таго, санкцыі супраць БКК неабходныя, каб “Беларуськалій“ не мог абыходзіць абмежаванні праз гэтую кампанію.

Кажучы пра Галавата, паведаміў Латушка, суд “нагадаў пра яго крэсла ў Савеце Рэспублікі, дзяржузнагароду з рук Лукашэнкі і ўваходжаннк ў “вузкае кола давераных асобаў“.

“Суд асобна вылучыў ролю кіраўніцтва ў падаўленні грамадзянскай супольнасці. Пасля выбараў 2020 года шахцёраў, якія абвясцілі страйк, запалохвалі, пазбаўлялі прэмій і звальнялі… Такім чынам, “Беларуськалій“ нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі“, — працытаваў Латушка судовую пастанову.

13 снежня 2025 года пасля перамоваў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязняў. Амерыканскі дыпламат паведаміў, што ЗША паводле ўказання прэзідэнта здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня таго ж года ўпраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій“ і ААТ “Беларуская калійная кампанія“.

На наступны дзень галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс заявіў, што транзіт беларускага калію па тэрыторыі Літвы можа быць увязаны з размяшчэннем у краіне дадатковага ваеннага кантынгенту ЗША.

Паводле яго слоў, якія прыводзіла Літоўская тэлерадыёкампанія LRT, амерыканскі бок паводзіць сябе карэктна: “Яны сапраўды не ціснуць на нас з патрабаваннем прадпрымаць дадатковыя крокі“.

Пасля гэтага літоўскія афіцыйныя асобы, уключаючы Наўседу, неаднаразова абвяргалі інфармацыю аб тым, што ЗША пасля зняцця сваіх санкцый з беларускіх калійных угнаенняў ціснуць на Літву, каб заахвоціць яе дазволіць транзіт гэтай прадукцыі з наступнай адгрузкай у порце Клайпеды.

Падзяліцца: