Мінск 10:43

За пяць месяцаў 2026 года МАРГ выявіў парушэнні цэнаўтварэння ў 139 суб’ектаў гаспадарання

18 чэрвеня, Позірк. За пяць месяцаў 2026 года работнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) выявілі парушэнні ў 139 суб’ектаў гаспадарання.

Як адзначае прэс-служба ведамства, выдадзена 69 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў, штрафы выпісаныя больш чым на 83 тыс. рублёў.

Напрыклад, у шэрагу буйных гандлёвых цэнтраў Гомеля “зафіксавана перавышэнне гранічных гандлёвых надбавак на абутковыя тавары, прычым у некаторых выпадках надбаўка перавышала дапушчальны ўзровень больш чым у 4,5 раза”.

У Мінску, у ТАА “Тэфнут“, пры рэалізацыі маторнага масла і запасных частак праз маркетплейс “не выконваліся абмежаванні па гандлёвых надбаўках“. Паводле рашэння суда на таварыства накладзены штраф у памеры каля 40 тыс. рублёў.

Спажывецкія цэны ў траўні 2026 года павялічыліся на 0,1%. Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,2%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,4%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост цэн склаў 2,6%: на харчовыя тавары — на 1,5%, нехарчовыя — на 1,4%, паслугі — на 5,9%.

У гадавым вымярэнні (да траўня 2025-га) цэны сталі вышэй на 4,8%: на харчовыя тавары — на 4,9%, нехарчовыя — на 2%, паслугі — на 8,5%.

Нацыянальны банк робіць усё неабходнае, каб інфляцыя заставалася ў межах вызначанага на 2026 год паказчыка, і пакуль сітуацыя развіваецца “нават трошкі лепш за прагнозы“, заявіў журналістам 4 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) старшыня праўлення рэгулятара Раман Галоўчанка.

Паводле слоў чыноўніка, у свеце “шмат усялякіх рэчаў адбываецца“, таму “цяжка прадбачыць, як усё будзе“ далей, але “агулам пакуль дынаміка пазітыўная“.

“Калі яна замацуецца па выніках першага квартала і нашы апераджальныя інструменты, апераджальныя індыкатары будуць паказваць доўгатэрміновасць гэтай тэндэнцыі, то я не выключаю, што мы разгледзім і пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, што адпаведна пазітыўна адаб’ецца таксама на стаўках на крэдытным і дэпазітным рынку“, — паведаміў кіраўнік Нацбанка. Неўзабаве пасля гэтага было прынята рашэнне знізіць з 1 чэрвеня стаўку рэфінансавання з 9,75 да 9,25%, не выключаецца магчымасць яшчэ аднаго зніжэння.

У 2025 годзе інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не павінны былі вырасці больш чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі“ дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы важнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%).

Далей: чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Падзяліцца: