Для Беларусі войны “непрымальныя проста генетычна”, заяўляе датычны да расійскай агрэсіі ва Украіне Лукашэнка

4 сакавіка, Позірк. Беларусь “заўсёды прытрымлівалася і прытрымліваецца міру”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з амбасадарам Ірана Алірэзай Санеі.
“Войны для нас непрымальныя проста генетычна, бо Беларусь, знаходзячыся ў эпіцэнтры ўсіх войнаў, добра спазнала сутнасць гэтых войнаў, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мы страцілі мільёны-мільёны людзей ва ўсіх войнах, якія адбываліся ў нашым рэгіёне. А ў асноўным сусветныя войны пракатваліся на ўсход і назад праз нашу Беларусь”.
Паводле слоў Лукашэнкі, беларускія ўлады “дастаткова поўна інфармаваныя пра тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе”, у тым ліку ў “дружалюбным Іране”. “Вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран нам зразумелы і непрымальны. Тым больш што ў выніку гэтага нападу загінулі ні ў чым не вінаватыя жыхары, і перш за ўсё дзеці”, — сказаў ён.
Ізраіль і ЗША, лічыць спікер, “маюць усвядоміць, што гэты канфлікт можа выліцца ў непрадказальныя падзеі”.
Палітык падкрэсліў, што з загінулым іранскім духоўным лідарам аяталай Алі Хаменеі ён меў “добрыя стасункі”: “Па-мойму, разы тры мы з ім сустракаліся, абмяркоўвалі сусветныя праблемы. Гэта гуманіст, гэта чалавек не вайсковы, нацэлены на абарону свайго народа і сваёй дзяржавы”.
“Таму для мяне абсалютна непрымальна тое, што адбылося з ім, з яго сям’ёй і, яшчэ горш, з яго жонкай, якая памерла ад ран”, — дадаў ён, яшчэ раз выказаўшы спачуванні ў сувязі з гібеллю “мірных жыхароў, дзяцей і Алі Хаменеі”.
Лукашэнка спытаў у дыпламата, чым беларускія ўлады могуць дапамагчы Ірану “зыходзячы з той пазіцыі”, якую яны “занялі адносна гэтага канфлікту”.
У сваю чаргу іранскі амбасадар пасля сустрэчы заявіў, што Лукашэнка “пацвердзіў сваю нацэленасць на падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана, а таксама іранскага народа і выказаў салідарнасць з іранскім народам і з Іранам у апошніх падзеях”.
3 сакавіка міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі абмеркаваў з міністрам замежных спраў Амана Бадрам бін Хамадам бін Хамудам Аль-Бусаідзі сітуацыю на Блізкім Усходзе. Беларускі бок “выказаў падтрымку намаганням Амана па ўсталяванні трывалага міру ў рэгіёне, а таксама ўсім пасярэдніцкім крокам, якія ім робяцца”.
Беларусь, як заяўляецца, “пацвердзіла гатоўнасць рабіць усе неабходныя высілкі, якія будуць садзейнічаць дээскалацыі канфлікту”.
Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Спачатку ўлады ў Тэль-Авіве заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.
Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасьць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.
У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты і дроны па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах у краінах Блізкага Усходу.
Пра тое, што Хаменеі загінуў у сваёй рэзідэнцыі падчас удараў 28 лютага, стала вядома ранкам 1 сакавіка. Паведамлялася, што загінулі таксама дачка, зяць, унук і адна з нявестак духоўнага лідара. 2 сакавіка з’явілася інфармацыя, што ад атрыманых ран памерла яго жонка.
Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю іранскага лідара больш як праз суткі.
Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка часта заяўляе пра міралюбнасць Беларусі (часта атаясамляючы з ёй свой рэжым). Разам з тым афіцыйны Мінск у лютым 2022 года дэ-факта надаў войску Расіі беларускую тэрыторыю для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 3 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



