Мінск 17:52

Праваабаронца Раман Кісляк абскардзіў паўторную адмову на наданне прытулку ў Грузіі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 красавіка 2026 года ў 09:43

Фота з асабістага архіва Рамана Кісляка

31 сакавіка, Позірк. Беларускі праваабаронца Раман Кісляк, якому Грузія фактычна паўторна адмовіла ў наданні прытулку, абскардзіў гэтае рашэнне ў Тбіліскім гарадскім судзе.

“Я падаў скаргу на рашэнне Дэпартамента міграцыі МУС пра прызнанне майго звароту на статус бежанца непрымальным, — паведаміў Кісляк “Позірку”. — Гэта новая працэдура, якая была ўведзеная ў 2025 годзе. І зараз сам зварот па міжнародную абарону праходзіць некалькі этапаў. Першы — гэта прызнанне заявы прымальнай. Адзінае, яны павінны былі вырашыць гэтае пытанне на працягу 10 дзён. У выніку разглядалі больш за чатыры месяцы”.

Паводле праваабаронцы, у скарзе ён указаў, што з верасня мінулага года спрабаваў патрапіць у дэпартамент, каб падаць узгаданую заяву: “Гэта працягвалася некалькі тыдняў у сувязі з тым, што колькасць людзей [у чарзе ў дэпартамент] крыху павялічылася, а яны ў той жа час самі запаволілі сваю працу. <…> Ахвотныя накопліваліся тыднямі, дайшло да таго, што пачаліся сутычкі, бойкі. Я звяртаўся ў паліцыю з гэтай нагоды, паліцыя зафіксавала звароты. І толькі 13 кастрычніка я змог трапіць унутр і падаць гэтую заяву. Да гэтага я яе і поштай адпраўляў, і пікеты ладзіў, але нішто не дапамагала”.

У судовай скарзе праваабаронца таксама ўказаў на новыя абставіны: крымінальны пераслед актывістаў беларускіх дыяспар за мяжой (у тым ліку за акцыі, прысвечаныя Дню Волі 25 сакавіка ў Батумі і Тбілісі), а таксама крымінальны пераслед за нібыта яго датычнасць да прызнанага “экстрэмісцкім фарміраваннем” інфармагенцтва “Позірк”.

“Калі будзе адмова, я дайду да Тбіліскага апеляцыйнага суда і проста дапоўню сваю справу ў Камітэце па правах чалавека ААН новымі абставінамі. Але гэта можна будзе зрабіць толькі пасля таго, як я прайду ўсе эфектыўныя сродкі прававой абароны ў Грузіі”, — адзначыў Кісляк.

Дэпартамент міграцыі не задаволіў першае прашэнне праваабаронцы ў жніўні 2024 года — больш як праз год пасля падачы дакументаў. Кісляк з пераменным поспехам аспрэчваў гэтае рашэнне ў судовым парадку, пакуль у ліпені 2025-га Апеляцыйны суд канчаткова не адхіліў скаргу.

Летась у жніўні праваабаронца накіраваў скаргу на адмову ў наданні прытулку ў Камітэт ААН па правах чалавека, які забараніў Грузіі высылаць яго ў Беларусь да завяршэння працэдуры разгляду.

“Што датычыцца маёй справы ў Камітэце па правах чалавека, то тэрмін для каментара з боку Грузіі скончыўся. Ім давалася 180 дзён. І [улады] за некалькі дзён да сканчэння гэтага тэрміну папрасілі паўторна прадставіць некалькі дакументаў па справе, якія мы ўжо прадстаўлялі”, — сказаў праваабаронца.

Паводле яго меркавання, адзінае тлумачэнне гэтаму — “зацягванне часу, спроба атрымаць больш часу, каб прыдумаць, як гэта пракаментаваць”. “Таму пакуль яны адправілі запыт у камітэт, камітэт перанакіраваў мне, потым я адпраўляю гэтыя дакументы. Камітэт дасць яшчэ дадатковы час для вывучэння”, — дадаў Кісляк.

Ён лічыць, што такім чынам улады Грузіі зацягнулі разгляд справы яшчэ на месяц-два.

Як паказаў праведзены “Позіркам аналіз статыстыкі Нацыянальнай паліцыі Грузіі, у 2025 годзе ўлады гэтай краіны адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі, у тым ліку пяці непаўналетнім (двум хлопчыкам/юнакам і тром дзяўчынкам/дзяўчатам). Задаволеных хадайніцтваў няма.

Падзяліцца: