Мінск 21:29

У студзені — лютым Беларусь закупіла тавараў амаль на 900 млн долараў больш, чым прадала

Ілюстрацыя: AbsolutVision / pixabay.com

31 сакавіка, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі за студзень — люты 2026 года склаў 14 млрд 286,3 млн долараў (за першыя два месяцы 2025-га — 12 млрд 540,1 млн; рост на 13,9%), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Белстата.

Экспарт склаўся на ўзроўні 6 млрд 699 млн (5 млрд 744,8 млн; +16,6%), імпарт — 7 млрд 587,3 млн (6 млрд 795,3 млн; +11,7%). Адмоўнае сальда склала 888,3 млн (-1 млрд 50,5 млн; -15,4%).

У студзені 2026-га адмоўнае сальда складала 212,4 млн долараў. Такім чынам, за месяц яно павялічылася на 675,9 млн (рост у 4,2 разы).

За 2025 год аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 89 млрд 765,1 млн долараў (за 2024-ы — 86 млрд 58,1 млн; рост на 4,3%).

Экспарт склаўся на ўзроўні 41 млрд 395,1 млн (40 млрд 344 млн; +2,6%), імпарт — 48 млрд 370 млн (45 млрд 714,1 млн; +5,8%). Адмоўнае сальда дасягнула 6 млрд 974,9 млн (-5 млрд 370,1 млн; +29,9%).

Праблемы з экспартам тавараў прызнаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных устаноў 31 ліпеня 2025 года.

На “касякі” Савета міністраў указаў ён 23 верасня таго ж года на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. “[Тэмпы росту] ВУП — 101,6% (101,3% па выніках 2025 года. — “Позірк”.), але прасядаюць галоўныя галіны”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: