Мінск 18:59

Двое мужчын памерлі ў Мінску ад атручвання наркотыкамі

Архіўнае фота: dzr.by

2 чэрвеня, Позірк. Двое мужчын памерлі ў Мінску ад атручвання наркотыкамі, распачатыя крымінальныя справы, паведамляе Следчы камітэт.

Ведамства прыводзіць падрабязнасці гібелі мужчын.

У адным выпадку, як адзначаецца, у пад’ездзе шматпавярховага дома жанчына знайшла свайго 42-гадовага мужа ляжачым без прытомнасці. Медыкі праводзілі рэанімацыю, аднак неўзабаве канстатавалі яго смерць.

На целе мужчыны быў знойдзены “свежы след ад ін’екцыі”, у кішэні яго штаноў — пустая ўпакоўка з-пад шпрыца, паведамляе СК.

У іншым выпадку гаворыцца пра смерць 44-гадовага мужчыны ад перадазіроўкі “асабліва небяспечнымі наркатычнымі сродкамі“. Загінулы доўгі час не выходзіў на сувязь. “Яго занепакоеная маці прыехала да яго дадому, дзе выявіла сына без прыкмет жыцця”, — удакладняецца ў паведамленні.

Як паведамляла МУС, каля 80% смерцяў ад наркотыкаў у краіне здараецца ад ужывання метадону. У 2024 годзе да яго пачалі дадавацца смяротныя перадазіроўкі Alfa-PVP.

У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных“ артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м, вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327-331, 332), летась асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі па арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: