Мінск 20:08

Беларусь і Куба актывізуюць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — ДВПК

5 красавіка, Позірк. Аб 12-м пасяджэнні Беларуска-кубінскай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве (ВТС) паведамляе Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт (ДВПК).

Пасяджэнне праходзіць у Мінску пад кіраўніцтвам сустаршыняў камісіі — першага намесніка старшыні ДВПК Алега Мішчанкі і начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Міністэрства рэвалюцыйных Узброеных сіл Кубы Оскара Энрыке Біяска Гальега.

“Падчас пасяджэння бакі разгледзелі актуальны стан двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы ВТС, абмеркавалі ход выканання раней дасягнутых дамоўленасцяў і вызначылі перспектыўныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння”, — гаворыцца ў паведамленні.

Праца камісіі завершыцца 6 красавіка. Аднак, як заяўляецца, “ужо сёння можна канстатаваць галоўнае: бакі пацвердзілі ўзаемную цікавасць да паглыблення партнёрскіх адносін і намецілі канкрэтныя крокі па пашырэнні кааперацыі паміж Рэспублікамі Беларусь і Куба”.

Беларусь і Куба аднагалосна і паслядоўна выступаюць “супраць аднабаковых абмежавальных захадаў у міжнароднай палітыцы і гандлі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка летась 25 чэрвеня на сустрэчы з першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, прэзідэнтам краіны Мігелем Дыяс-Канель Бярмудэсам, які наведваў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (Куба — назіральнік у ЕАЭС).

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

У траўні 2025 года ў Гаване прайшло чарговае пасяджэнне кубінска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

У сярэдзіне лютага таго ж года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны пратакол да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю”. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд”.

17 ліпеня 2024 года прэзідэнт Кубы на сустрэчы з Раманам Галоўчанкам, які тады ўзначальваў беларускі ўрад, асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Гл. таксама:

Рыжанкоў выказаў “нязменную падтрымку брацкаму кубінскаму народу”

Амбасада Беларусі на Кубе папярэдзіла аб прыпыненні палётаў на востраў на нявызначаны тэрмін

Беларускі МЗС занепакоены сітуацыяй вакол Кубы

Падзяліцца: