Мінск 17:52

На выпадак канфлікту на заходнім напрамку АДКБ Расіі мае мець “ядро ўзброеных сіл” у Беларусі, заяўляе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: 1news.az

6 красавіка, Позірк. Расія з’яўляецца “цэнтральным звяном” у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым.

“І ўсім трэба цудоўна разумець, што, напрыклад, на заходнім напрамку асноўным звяном АДКБ, натуральна, з’яўляецца Беларусь, — цытуе спікера яго прэс-служба. — І крый божа нейкі канфлікт на гэтым напрамку, Расія заўсёды мае мець тут ядро ​​ўзброеных сіл, якія падключацца да дзеянняў беларускага войска, каб абараніць нашу прастору. На поўдні, вядома, давядзецца напружвацца і вам (Кыргызстану, прадстаўніком якога з’яўляецца Масадыкаў. — “Позірк”.), і Казахстану. Абавязкова. Бо гэта паўднёвы кірунак і, зноў жа, Расея будзе вас падтрымліваць. І падпіраць, як вайскоўцы кажуць”.

У гэтым кантэксце Лукашэнка нагадаў пра “паспяховы досвед” міратворчай аперацыі ў Казахстане ў студзені 2022 года, праведзенай, “каб не даць магчымасці падарваць абстаноўку ў гэтай краіне”.

Як паведамляў “Позірк”, на пачатку 2022 года праз сацыяльна-эканамічныя цяжкасці Казахстан ахапілі масавыя пратэсты, якія хутка набылі палітычны характар. Здушыць іх дапамаглі сілы АДКБ, у тым ліку беларускі кантынгент. На фоне пратэстаў казахстанскі прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў паспяхова завяршыў працэс адхілення ад улады былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева, які да тае пары захоўваў за сабой шэраг ключавых пасадаў.

На цяперашняй сустрэчы ў Мінску Лукашэнка заявіў Масадыкаву, што “выдатна разумее” — калі ў Беларусі адбудзецца “раптам нейкі канфлікт”, то “сваімі ўзброенымі сіламі на 100% Кыргызстан не будзе ўключацца і не ўключыцца”. На яго думку, “можа быць, і не трэба”.

“Але ўпэўнены, што і падтрымка палітычная будзе, і ваенная ў нейкай ступені. Ну і наадварот, — сказаў ён. — Таму я і казаў пра тое, што цэнтральным звяном мае быць у нас Расійская Федэрацыя, яе ўзброеныя сілы. Гэта натуральна. У нас большасць зброі савецкая, вырабляецца ў Расійскай Федэрацыі. Тактыка ў нас аднолькавая — постсавецкіх рэспублік. Таму абараняцца нам давядзецца разам. Маючы на ​​ўвазе, што на галоўных кірунках будуць дзейнічаць тыя дзяржавы, якія знаходзяцца на гэтых кірунках. Такая была філасофія прапанаваная. Жыццё паказала, што менавіта ў такім ключы мы і будзем дзейнічаць”.

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў супрацу Беларусі і РФ у “пытанні гарантавання бяспекі і абароны”, а таксама “аказаную ў гэтым плане падтрымку”.

“Думаю, што ў гэтым плане мы будзем дзейнічаць і надалей. Хоць я не выключаю, што можа скласціся такая сітуацыя, што мы ўсе разам плячо ў плячо з ўсімі нашымі ўзброенымі сіламі і ўзбраеннямі будзем абараняць нашу прастору, на якой павінна функцыянаваць наша арганізацыя”, — адзначыў спікер.

Праблемным пытаннем у АДКБ Лукашэнка назваў сітуацыю з Арменіяй: “Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў працы з Арменіяй. Вы ведаеце, што Арменія быццам бы і не падтрымлівае працу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў арганізацыі. Трэба быць вельмі карэктнымі. У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд (парламенцкія выбары запланаваныя на лета 2026 года. — “Позірк”.). Вельмі няпростая сытуацыя. Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў стасунках з Арменіяй”.

Палітык лічыць важным арганізацыю сустрэч на ўзроўні генсакратара АДКБ і армянскага кіраўніцтва. “Асабліва цяпер, у гэты востры электаральны перыяд, калі кіраўніцтва Арменіі будзе сумленна і адкрыта казаць пра сітуацыю, у тым ліку і на трэку АДКБ. <…> Калі б вы пабывалі там і пагаварылі і з прэм’ер-міністрам, і з прэзідэнтам, з сакратаром Савета бяспекі Арменіі, даведаліся б іх пазіцыю на будучыню, было б няблага”, — прапанаваў Лукашэнка.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку. Акрамя таго, прадстаўнікі ўладаў Арменіі заявілі, што могуць разглядзець магчымасць выхаду з АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза, калі Расія падвысіць для краіны цэны на газ.

Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абароне суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.

Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, але той, што стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Падзяліцца: