Мінск 19:02

Двое падлеткаў затрыманыя ў Хойніцкім раёне за вандалізм на могілках

Фота: pixabay.com

28 красавіка, Позірк. У Хойніцкім раёне (Гомельская вобласць) затрыманыя навучэнцы каледжа, якіх падазраюць у вандалізме на могілках, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што мясцовая жыхарка паведаміла ў міліцыю пра разбурэнне некалькіх магіл на могілках. Праз некаторы час былі ўстаноўлены падазраваныя — двое 16-гадовых падлеткаў, якіх затрымлівалі пры сілавой падтрымцы атрада спецназа “Гром”.

У ведамстве заявілі, што “на Радаўніцу вандалы выкрадалі з надмагілляў ежу і выпівалі алкаголь, пакінуты ў чарках на магілах роднымі памерлых”.

Пасля ў стане ап’янення затрыманыя “грамілі месцы пахаванняў”: “аблівалі фарбай помнікі, вырывалі агароджы і крыжы, разбівалі дэкаратыўныя элементы, дэмантавалі таблічкі”.

Распачатая крымінальная справа паводле артыкула пра хуліганства.

У 2025 годзе за хуліганства асуджана 123 падлеткі. Усяго за здзяйсненне розных злачынстваў асуджана 430 непаўналетніх — на 27,5% менш, чым у 2024-м (593), сведчаць даныя Вярхоўнага суда.

За здзяйсненне “злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва” асуджана пяць з іх, у тым ліку трое — паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), двое — паводле арт. 1301 (рэабілітацыя нацызму).

У “злачынствах супраць жыцця і здароўя” прызнана вінаватымі 20 непаўналетніх. Палова з іх — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147), шэсць — за наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 149), трое — за забойства (арт. 139), адзін — за прычыненне смерці па неасцярожнасці (арт. 144).

Падзяліцца: