Мінск 04:19

У Польшчы на тры месяцы арыштаваныя два грамадзяніны Беларусі за саўдзел у кантрабандзе цыгарэт дронамі

Момант затрымання групы кантрабандыстаў
Фота: strazgraniczna.pl

20 красавіка, Позірк. Два грамадзяніны Беларусі і адзін паляк арыштаваныя на тры месяцы за саўдзел у кантрабандзе цыгарэт з дапамогай дронаў, паведаміла 20 красавіка Памежная ахова Польшчы.

15 красавіка мужчыны прыбылі па груз у памежную зону Падляскага ваяводства на аўтамабілі, дзе і былі затрыманыя. Мерай стрымання да суда было абранае ўтрыманне пад вартай. Арыштаваным пагражае не менш за 3 гады пазбаўлення волі. Адзначаецца, што ў беларусаў пастаянны дазвол на жыхарства (ПДЖ) у Польшчы. Начальнік памежнага паста ў Баброўніках мае намер адправіць ваяводзе запыт аб пазбаўленні абодвух ПДЖ.

Кантрабанда ацэненая ў 95 тыс. злотых (26,4 тыс. долараў ЗША).

9 красавіка паліцыя таго ж ваяводства паведаміла аб затрыманні грамадзян Беларусі і Польшчы за кантрабанду цыгарэт з дапамогай паветраных шароў. Прадухілена страта для польскага бюджэту на 270 тыс. злотых (75 тыс. долараў). У затрыманых таксама канфіскавана 20 тыс. злотых (5,6 тыс. долараў) і 20 тыс. долараў.

З пачатку года агульны кошт перахопленых беларускіх цыгарэт, якія перапраўляліся па паветры, у Падляскім ваяводстве перавысіла 4,2 млн злотых (1,2 млн долараў).

31 сакавіка паведамлялася аб затрыманні 10 грамадзян Беларусі ў складзе “міжнароднай тытунёвай злачыннай групы”. Група з 12 чалавек дзейнічала на тэрыторыі Паморскага і Мазавецкага ваяводстваў. Акрамя беларусаў, затрымана па адным грамадзяніне Латвіі і Польшчы.

Было канфіскавана амаль 17 тон тытунёвай сыравіны і рэзанага тытуню, больш за 4,1 млн цыгарэт. Кошт канфіскаваных падакцызных тавараў склаў больш за 9 млн злотых (2,5 млн долараў).

30 сакавіка паведамлялася, што супрацоўнікі Надбужанскага аддзела памежнай аховы і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы спынілі перавозку каля 1,8 млн кантрабандных цыгарэт. Кошт кантрабанды перавысіў 1,5 млн злотых (417 тыс. долараў). Частка цыгарэт была беларускай вытворчасці.

Аб затрыманні кантрабандных цыгарэт з Беларусі Польшча, Літва і Латвія рапартуюць рэгулярна.

Падзяліцца: