Мінск 21:37

Будрыс перад сустрэчай кіраўнікоў МЗС краін ЕС заклікаў чыніць ціск на рэжым Лукашэнкі

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Відэа: медыяслужба Еўракамісіі / стоп-кадр: "Позірк"

21 красавіка, Позірк. Пра неабходнасць рэагаваць на эскалацыйныя дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 21 красавіка ў Люксембургу перад пасяджэннем Савета ЕС па замежных справах.

“Лукашэнка ўзмацняе напружанасць на межах. Нядаўна Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў абвешчаны экстрэмісцкай арганізацыяй. Гэта ўніверсітэт, які функцыянуе ў выгнанні ў Вільнюсе. Гэта значыць, што выкладчыкі, студэнты і іх сем’і зноў становяцца мішэнню беларускага рэжыму. І мы маем на гэта рэагаваць. І як мы можам на гэта рэагаваць? Чыніць ціск на рэжым і пазбаўляць яго магчымасці выкарыстоўваць усе глабальныя працэсы ў мэтах узмацнення пагрозы нашай бяспецы”, — заявіў журналістам кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Перад пасяджэннем МЗС Літвы паведаміў, што Будрыс мае намер заклікаць да “захадаў у адказ” супраць Мінска за прызнанне Еўрапейскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Вільнюсе (ЕГУ) “экстрэмісцкай арганізацыяй” і будзе дамагацца “прыцягнення ўвагі на еўрапейскім узроўні да наступстваў гэтага рашэння”. СМІ са спасылкай на знешнепалітычнае ведамства растлумачылі, што гаворка пра ўвядзенне санкцый супраць беларускіх службовых асоб, адказных за гэтае рашэнне, а таксама ўзмацненне падтрымкі ЕГУ.

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі анулявала яго ліцэнзію на аказанне адукацыйных паслуг, пасля чаго ўніверсітэт аднавіў дзейнасць у Літве.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні з яго складу “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

На наступны дзень Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС” і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ”.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне “як палітычна матываванае, неабгрунтаванае, яно парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, вбвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назвала беспрэцэдэнтным.

“Літва паслядоўна падтрымлівала і надалей будзе падтрымліваць ЕГУ як важную прастору акадэмічнай свабоды, крытычнага мыслення і дэмакратычных каштоўнасцяў, свабодную ад палітычнага ўплыву”, — гаварылася ў заяве.

Міністэрства падкрэсліла, што рашэнне беларускіх уладаў стварае прамую пагрозу для ўсіх студэнтаў ЕГУ, якія прадстаўляюць не толькі Беларусь, і акадэмічнай супольнасці, “крыміналізуе міжнародную акадэмічную супрацу і чыніць значную шкоду прагрэсіўнаму грамадству Беларусі, дэмакратычнай апазіцыі і будучыні ўсёй краіны”.

“Літва не прызнае ніякай юрыдычнай сілы гэтага рашэння на сваёй тэрыторыі, патрабуе яго неадкладнага скасавання і папярэджвае, што такія дзеянні яшчэ больш ускладняць літоўска-беларускія стасункі і будуць ацэненыя на нацыянальным узроўні і ўзроўні Еўрапейскага саюза для прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных захадаў”, — падкрэсліла літоўскае знешнепалітычнае ведамства.

Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы назвала рашэнне Мінска “грубым парушэннем акадэмічнай свабоды, адмаўленнем аўтаноміі ўніверсітэтаў”, а таксама “абмежаваннем правоў і свабод чалавека”.

Дзеянні беларускіх уладаў таксама асудзілі Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, знешнепалітычныя ведамствы Украіны, Швецыі, Эстоніі.

Падзяліцца: