Мінск 21:14

“Вясна”: З 2020 года палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу ў Беларусі падвергнулася амаль 10 тыс. чалавек

Фота: advokatos.by

5 ліпеня, Позірк. З 2020 года не менш за 9.914 чалавек сутыкнулася ў Беларусі з палітычна матываваным крымінальным пераследам, мінімум 8.590 з іх было асуджана (у тым ліку завочна). Такія звесткі прыводзіць цэнтр “Вясна” ў традыцыйным месячным аглядзе “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2026”.

“Гэтыя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі пра пераслед”, — адзначае “Вясна”.

На канец чэрвеня ў няволі заставалася 859 палітычных зняволеных, у тым ліку 117 жанчын, гаворыцца ў аглядзе.

176 палітвязняў знаходзяцца “ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення”.

Колькасць былых палітвязняў склала 3.867 чалавек (сярод іх 769 жанчын).

Шэраг палітвязняў утрымліваецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), за кратамі застаецца трое затрыманых у непаўналетнім узросце: Дзмітрый Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.

“Праваабаронцы працягваюць дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі. СІЗА КДБ застаецца самым закрытым і жорсткім месцам, дзе чалавека гатовыя ламаць любымі сродкамі. У паказаннях былых палітвязняў — падвешванне ў кайданках, памяшчэнне ў “мяккую” камеру, удушэнне пакетамі і вадой, збіццё электрашокерамі, пазбаўленне сну і пастаянны псіхалагічны ціск”, — адзначаюць праваабаронцы.

Злачынствы супраць чалавечнасці і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, канстатуецца ў аглядзе, “яны не абмежаваліся 2020-м годам, яны маюць патрэбу ў расследаванні з наступным прыцягненнем вінаватых да адказнасці”.

У няволі застаецца 147 палітвязняў, асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020–2021 гадоў (арт. 342 КК).

Праваабаронцам вядома мінімум пра 151 чалавека, асуджанага за “здраду дзяржаве” (арт. 356 КК). “Гэта экстрэмальна высокі паказчык. Усяго паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і агентурнай дзейнасці з 2020 года асуджана не менш за 185 чалавек”, — паведамляе праваабарончы цэнтр.

За ахвяраванні (данаты) забароненым арганізацыям прыгаворана не менш за 159 чалавек.

У чэрвені ў “спіс тэрарыстаў” уключана 14 чалавек, у “спіс экстрэмістаў” — 95, на дзве пазіцыі павялічыўся пералік “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, пастаянна папаўняецца пералік “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Паводле звестак праваабаронцаў, па “справы Беларускага Гаюна” (за перадачу інфармацыі аб расійскай вайсковай тэхніцы аднайменнаму тэлеграм-каналу) асуджана не менш за 200 чалавек.

“У Беларусі працягваецца жорсткі дзяржаўны тэрор, праз што сітуацыя з правамі чалавека ацэньваецца экспертамі як крытычная. Сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць і па-ранейшаму накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў і праваабаронцаў”, — гаворыцца ў аглядзе.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі шэсць гадоў.

Падзяліцца: