Мінск 02:14

Пастаянная наяўнасць у Беларусі палітвязняў пачалася з “Чарнобыльскага шляха-1996” — Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык на акцыі "Чарнобыльскі шлях-2026" у Варшаве 26 красавіка 2026 года
Фота: "Позірк"

26 красавіка, Позірк. “Чарнобыльскі шлях-2026” у Варшаве быў прысвечаны не толькі 40-годдзю аварыі на ЧАЭС, але і 30-годдзю “Чарнобыльскага шляха-1996”, які быў часткай магутнай антыімперскай серыі масавых вулічных акцый “Мінская вясна” супраць падпісанай ў той год 2 красавіка дамовы аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі. Пра гэта паведаміў “Позірку” адзін із арганізатараў мерапрыемства у польскай сталіцы, сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.

“Я хачу нагадаць, што тут не толькі вялічэзная тэхнагенная катастрофа. Беларусаў знішчала і камуністычная хлусня, якая ішла з Масквы. А яшчэ мы хацелі падтрымаць беларускіх палітвязняў, патрабавалі іх вызвалення. Таму што “Чарнобыльскі шлях” 1996 года распачаў сумную традыцыю пастаяннай наяўнасці ў Беларусі палітвязняў”, — адзначыў палітык, які 30 год таму разам з прафесарам Юрыем Хадыкам абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць свайго затрымання. Яна доўжылася больш за тры тыдні, абодва трапілі ў шпіталь, Сіўчык — у рэанімацыю.

Акрамя таго, паводле слоў, сёлетняя акцыя мела на мэце падтрымку Украіны, “якая падвяргаецца жорсткай агрэсіі з боку Расіі”.

Сіўчык паведаміў, что “ЧШ” праводзіўся ў Варшаве трэці год. Пасля мітынгу каля помніка Мікалаю Каперніку ўдзельнікі накіраваліся да помніка Марыі Складоўскай-Кюры, першаадкрывальніцы радыеактыўнасці.

Падчас выступу на мітынгу Сіўчык падкрэсліў, што дата 26 красавіка “звязаная са змаганнем беларускай нацыі за дэмакратыю і незалежнасць”. “Але ж гісторыю пішуць пераможцы. І беларусам яшчэ трэба перамагчы, каб напісаць сваю гісторыю”, — сказаў прамоўца.

На думку Сіўчыка, адзінай альтэрнатывай вайне ў Еўропе мусіць быць арганізацыя беларускага войска ў еўрапейскай краіне ў любой форме. “І пачынаць трэба стварэнне беларускага ўніверсітэта з вайсковым факультэтам з абавязковымі вайсковымі кафедрамі, бо не бывае войска без афіцэраў. У краіне не было умоў для стварэння беларускага войска. Еўропе трэба выбіраць, што яна хоча. Яна можа падтрымаць сябе, яна можа падтрымаць Беларусь”, — падкрэсліў выступоўца.

Сіўчык заявіў, што падтрымлівае ініцыятыву Міколы Статкевіча стварыць у Польшчы з беларускіх эмігрантаў міратворчы дабраахвотніцкі корпус, які б супрацьдзейнічаў нападу Расіі на краіны Балтыі праз Беларусь, а таксама паўторнай агрэсіі з яе тэрыторыі супраць Украіны.

Акцыі з нагоды 40-й гадавіны аварыі на ЧАЭС адбыліся ў 9 краінах (Літве, ЗША, Швейцарыі і інш.). Беларускі афіцыёз таксама ўзгадаў дату. Напрыклад, Міністэрства энергетыкі ў гэты дзень вырашыла паведаміць пра аб’ём электраэнергіі, вырабленай Беларускай АЭС.

Падзяліцца: