Супрацоўнік ЖКГ для атрымання хабараў выкарыстаў службовую прыбіральню, за незаконны даход звыш 130 тыс. рублёў ён асуджаны на 7 гадоў зняволення — СК

27 красавіка, Позірк. Аб устанаўленні схемы атрымання незаконных даходаў 39-гадовым супрацоўнікам аднаго прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска паведаміў 27 красавіка Следчы камітэт.
Грошы мужчына атрымліваў ад прадстаўнікоў прыватных фірмаў. Паводле звестак ведамства, ён “гарантаваў субпадрадным арганізацыям садзейнічанне ў аператыўным і бесперашкодным падпісанні першасных дакументаў пры правядзенні капітальных рамонтаў і аплаты па іх“. “У прыватнасці, гаворка ішла аб актах выкананых работ, што наўпрост уплывала на хуткасць наступнага пералічэння грашовых сродкаў падрадчыку“, — гаворыцца ў паведамленні.
“У якасці падзякі за садзейнічанне ў інтарэсах кампаній і забеспячэнне іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці мінчанін атрымліваў ад хабарадавальнікаў сантэхнічнае і ацяпляльнае абсталяванне, якое ў наступным устанавіў у сябе ў загарадным доме. Акрамя атрымання маёмасці, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, абвінавачаны неаднаразова прымаў у якасці хабару грашовыя сродкі ў агульнай суме больш за 100 тыс. рублёў”, — адзначае СК.
Заяўляецца, што, “разумеючы незаконнасць сваіх дзеянняў“, мужчына “прадпрымаў меры канспірацыі“. “Грошы перадаваліся праз аптэчку, схаваную ў аўтамабілі, альбо праз схованку, абсталяваную ў прыбіральні па месцы яго працы“, — удакладняе ведамства.
СК паведамляе, што дзейнасць супрацоўніка прадпрыемства была спынена Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
“Частка сродкаў, атрыманых у якасці хабару, канфіскаваная падчас ператрусу. На допыце ён прызнаў віну і распавёў, што за атрыманне незаконных узнагарод актыўна лабіраваў інтарэсы камерцыйных структур“, — падкрэсліваецца ў рэлізе.
Паводле даных следства, агульная сума даходу, атрыманага злачынным шляхам, склала больш за 130 тыс. рублёў, пры гэтым “на маёмасць абвінавачанага накладзены арышт у агульнай суме больш за 250 тыс. рублёў“.
Суд прызнаў фігуранта вінаватым паводле ч. 2 (атрыманне хабару ў буйным памеры) і ч. 3 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) арт. 430 Крымінальнага кодэкса і прызначыў пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 22.500 рублёў з пазбаўленнем права займаць пасады тэрмінам на 5 гадоў.
Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.
У мінулым годзе самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 сакавіка ў Мінску прадстаўнік галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.
На тым жа мерапрыемстве старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Вольга Бахар заявіла, што ў 2025 годзе да крымінальнай адказнасці за карупцыйныя злачынствы прыцягнута 750 службовых асоб, “з іх сем займалі адказнае становішча“.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала сутачны рэкорд спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі за апошнія паўгода (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ сакавіку колькасць занятых у эканоміцы павялічылася на 9,7 тыс. — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства



