Мінск 19:07

Мінюст атэставаў па новым законе амаль 1,7 тыс. рыэлтараў

Фота: domovita.by

18 траўня, Позірк. З 16 траўня 2026 года рыэлтарскія паслугі ад імя адпаведных арганізацый маюць права аказваць толькі спецыялісты, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў. Пра гэта было паведамлена 18 траўня на тэматычнай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Дыяны Падлескай, экзамен у агентаў, якія “павінны будуць, калі захочуць, аказваць рыэлтарскія паслугі”, у ведамстве пачалі прымаць яшчэ год таму, і “гэты працэс да гэтага часу не спыняецца”.

Чыноўніца адзначыла, што закон “Аб рыэлтарскай дзейнасці” (падпісаны Аляксандрам Лукашэнка 12 траўня 2025 года. — “Позірк”.) скарэктаваў патрабаванні да рыэлтараў.

“Замест профільнай адукацыі цяпер чалавеку дастаткова мець любую вышэйшую адукацыю, плюс прайсці навучальныя курсы, і тады ён ужо можа прыходзіць здаваць экзамен”, — адзначыла Падлеская.

Паводле яе слоў, “па шматлікіх просьбах рыэлтарскай супольнасці” да 16 лістапада дзейнічаюць нормы, у адпаведнасці з якімі прэтэндэнты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і трохгадовым стажам працы на момант апублікавання закона змогуць таксама здаць атэстацыйны экзамен.

Каб стаць рыэлтарам, дадала прадстаўніца Мінюста, “перш за ўсё неабходна прайсці спецыяльныя навучальныя курсы”. Гэта зроблена для таго, каб “дзеючыя агенты альбо асобы, якія ніколі не былі звязаныя з гэтай сферай“, маглі атрымаць дадатковыя веды.

Ведамства ўзгадніла праграмы навучальных курсаў, і ўжо больш за 1.500 чалавек гэтыя курсы скончыла, атрымаўшы адпаведныя сертыфікаты, сказала Падлеская. Экзамены, дадала яна, праводзяцца штомесяц.

З 16 траўня таксама змяніліся патрабаванні да мінімальнай колькасці рыэлтараў ў арганізацыі.  “Калі раней гэтая колькасць залежала ад колькасці штатных работнікаў рыэлтарскай арганізацыі, то цяпер гэтая лічба, альбо гэта колькасць раўняецца двум. Гэта значыць незалежна ад колькасці работнікаў рыэлтарскай арганізацыі, важна, каб у штаце  было два атэставаныя спецыялісты, якія павінны працаваць на поўную стаўку”, — адзначыла Падлеская.

Паводле яе слоў, на 16 траўня Мінюст атэставаў па новым законе 1.690 рыэлтараў.

На думку кіраўніка Палаты рыэлтараў Генадзя Шыханцова, асноўнае прызначэнне закона аб рыэлтарскай дзейнасці — “абараніць інтарэсы спажыўца“.

“Мы гаворым аб поўным і сістэмным урэгуляванні дадзенага пытання, якое будзе спрыяць павышэнню ўзроўню даверу грамадзян у гэтай сферы, а таксама ў цэлым павысіць прэстыж дадзенай прафесіі”, — завіў ён.

Шыханцоў паведаміў, што “на сённяшні дзень у Палаце рыэлтараў Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя 1.254 члены”.

Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Сяргей Сянчук, у першым квартале 2026 года ў Мінску здзейснена каля 2.800 зарэгістраваных здзелак з жылой нерухомасцю, ва ўсіх абласных цэнтрах— 2.500. Ён адзначыў, што з другой паловы 2025 года па першы квартал 2026 года колькасць здзелак з нерухомасцю “пачала падаць”, тады як “кошты не ўпалі, а месцамі нават яшчэ і выраслі”.

Гл. таксама:

Зарэгістраваная Палата рыэлтараў, адпаведныя паслугі змогуць аказваць толькі яе члены

Мінюст прапануе скасаваць дзейнасць агентаў па нерухомасці

Падзяліцца: