Мінск 21:05

Арганізацыя RSF “глыбока занепакоеная” станам здароўя журналіста Кірылы Пазняка

Кірыл Пазняк
Відэазапіс: "Платформа 375" / стоп-кадр: "Позірк"

26 траўня, Позірк. Арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RSF) “глыбока занепакоеная” станам здароўя журналіста Кірыла Пазняка, “шпіталізаванага ў цяжкім стане пасля больш як 8 месяцаў зняволення”.

“Улады павінны неадкладна забяспечыць яму доступ да належнай медыцынскай дапамогі і спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале арганізацыі.

Раней Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) паведаміла, што Пазняку “стала блага па дарозе на першае пасяджэнне суда, якое мелася адбыцца 14 траўня”. Мужчыну і яго 20-гадовую дачку Яніну Пазьняк абвінавачваюць паводле арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэкса. Працэс быў перанесены на нявызначаны тэрмін.

“Яму стала блага проста ў машыне, якая везла яго і дачку Яніну на суд. Згубіў прытомнасць. Наколькі ведаю, такое з ім адбывалася ў апошні час вельмі часта. Маюцца сумневы ў адпаведным лячэнні ў СІЗА. Не маглі доўга вызначыцца з дыягназам. Цяпер, паводле маіх звестак, яго лёгкія ў вельмі кепскім стане, дыхае з цяжкасцю”, — паведаміла БАЖ былая жонка Пазняка.

“У бальніцы пры СІЗА № 1 у цяжкім стане знаходзіцца журналіст Кірыл Пазняк. З наступствамі пнеўманіі і кавіду, які падхапіў у ізалятары на Акрэсціна восем месяцаў таму. Права на ахову здароўя — гэта базавае права чалавека. Прашу зрабіць тых, ад каго гэта залежыць, усё, каб захаваць чалавечае жыццё”, — напісала яна на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Паводле інфармацыі БАЖ, Кірыл і Яніна Пазняк былі затрыманыя 3 верасня 2025 года (абодвух праваабаронцы пасля прызналі палітвязнямі). На наступны дзень ютуб-канал “Платформа 375” быў абвешчаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: