Мінск 17:08

У Маладзечанскім раёне міліцыя з прымяненнем зброі затрымала п’янага кіроўцу без правоў

26 траўня, Позірк. Для спынення нецвярозага кіроўцы ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць) супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі давялося выкарыстаць зброю, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў.

Ведамства паведаміла 26 траўня, што ля вёскі Валодзькі інспектары падалі кіроўцу “Фальксвагена” сігнал на спыненне, але той яго праігнараваў і паехаў далей. Супрацоўнікі ДАІ сталі яго пераследаваць. На “неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў спыніцца” ён, як заяўлена, не рэагаваў.

Праз тое, што мужчына сваімі дзеяннямі “ствараў рэальную пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху”, інспектары вырашылі выкарыстаць табельную зброю.

За стырном быў 48-гадовы мясцовы жыхар. Медыцынская праверка паказала, што ён п’яны (“1,4 праміле алкаголю ў выдыханым паветры”). Высветлілася, што раней мужчына быў пазбаўлены правоў кіроўцы “на падставе медыцынскіх паказанняў”.

Паводле інфармацыі МУС, кіроўцу пагражае штраф — 200 базавых велічынь (9.000 рублёў).

16 траўня прэс-служба ведамства паведамляла, што ў Баранавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) супрацоўнікі ДАІ выкарысталі зброю, каб спыніць аўтамабіль “Вольва”, кіроўца якога небяспечна паводзіўся на дарозе. Выявілася, што ён быў п’яны.

Падзяліцца: