Мінск 20:07

Дзве траціны запытанай сумы сабрана за суткі для рэабілітацыі Аляксандра Мілінкевіча

Фота: zrzutka.pl

27 траўня, Позірк. 83 тыс. злотых са 120 тыс. запытаных (прыкладна 22,8 тыс. долараў з 33 тыс., каля 69%) сабрана для рэабілітацыі ў Варшаве палітыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча, вынікае з даных на платформе zrutka.pl на 9:00 27 траўня.

З просьбай аказаць фінансавую дапамогу Мілінкевічу раніцай 26 траўня звярнулася яго жонка Іна Кулей.

У звароце, апублікаваным на яе старонцы ў “Фэйсбуку”, гаворыцца, што наступствы аперацыі, якую палітыку зрабілі 25 лістапада 2025 года, “аказаліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся”.

“У Аляксандра здарыўся ацёк мозгу. Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю, — напісала Кулей. — З божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў. Пасля пачаліся доўгія месяцы барацьбы з інфекцыямі, якімі, на жаль, поўныя шпіталі і якія асабліва небяспечныя для людзей з аслабленым імунітэтам. Запаленне лёгкіх, інфекцыя кішачніка, зноў запаленне лёгкіх… Не кожны змог бы вытрымаць такую атаку, але Аляксандр вытрымаў”.

Паводле яе слоў, левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленне і памяць, “не пацярпела”. Правая — тая, што адказвае за рух, — атрымала пашкоджанні: “Не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі… Яму неабходны пастаянны нагляд урачоў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Усё гэта каштуе [грошай]”.

“Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдваіх, нам хапала на годнае жыццё. Цяпер усё змянілася. Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтра, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў бальніцу, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцей. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе”, — падкрэсліла жонка палітыка.

25 лістапада 2025 года Кулей паведаміла, што муж трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане. Перад гэтым палітык перанёс аперацыю па стэнтаванні соннай артэрыі, якая на 80% была перакрытая тромбам. Пасля яго выдалення і аднаўлення крывацёку ў Мілінкевіча рэзка ўзняўся ціск. Палітык быў уведзены ў медыкаментозны сон, каб арганізм не марнаваў сілы на рухі.

Пазней ён быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.

78-гадовы Аляксандр Мілінкевіч — пазаштатны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, канцлер Свабоднага беларускага ўніверсітэта, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года. Кандыдат фізіка-матэматычных навук. У 2006-м уганараваны прэміяй імя Сахарава.

У вясковым доме Мілінкевіча ў Гродзенскай вобласці ў снежні 2023 года адбыўся вобшук.

Падзяліцца: