Мінск 11:29

Пашынян: Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам

Нікол Пашынян (злева), Аляксандр Лукашэнка (пасярэдзіне) і Уладзімір Пуцін (справа)
Архіўнае фота: president.gov.by

5 чэрвеня, Позірк. Аб магчымым выхадзе Арменіі з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) ізноў заявіў падчас перадвыбарных дэбатаў на грамадскім тэлебачанні краіны прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, паведамляе news.am.

Пашынян, які ўзначальвае спіс кандыдатаў у дэпутаты кіруючай партыі “Грамадзянская дамова” і на час выбарчай кампаніі знаходзіцца ў адпачынку, адказваючы на пытанне Нарэка Карапецяна, які ўзначальвае спіс прарасійскага апазіцыйнага блока партый “Моцная Арменія”, заявіў: “Мы вырашым. Замежныя агенты не будуць вырашаць, што рабіць. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам”.

На думку Карапецяна, калі АДКБ не працуе, з яе трэба выходзіць, а не замарожваць у ёй сяброўства. Ён заклікаў спачатку абзавесціся гарантам мірных дамоўленасцяў паміж Арменіяй і Азербайджанам.

“Ну і выйдзем з АДКБ. Вы што, нас палохаеце? Ні вы, ні ваш дзядзька (расійскі бізнесмен Самвел Карапецян. — Позірк.) не вырашаеце. Вырашым і выйдзем. А гарантам з’яўляюцца Арменія, дзяржава, армія”, — падкрэсліў у адказ Пашынян.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы ў канцы траўня еўрапамкненні Ерэвана, прыгразіў краіне “паўторам таго, што адбылося ва Украіне“.

Паводзіны Ерэвана, заявіў ён, “даходзіць да прыніжэння Еўразійскага эканамічнага саюза і [яго] членаў“: “Усе аднагалосна з гэтым пагадзіліся”.

За больш хуткае правядзенне ў Арменіі рэферэндуму аб членстве ў ЕАЭС альбо ЕС выказаліся Лукашэнка, прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Казахстана Касым-Жамарт Такаеў і Кыргызстана Садыр Жапараў у сумеснай заяве, прынятай 29 траўня на саміце першай арганізацыі ў Астане.

Арменія пад кіраўніцтвам Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам.

У апошнія гады адносіны паміж Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне і перайшла пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, папракнуў ваенна-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Канфлікт абвастрыўся пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Россия” ў 2024 годзе, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падтрымлівае еўрапейскія памкненні Арменіі. Некалькі разоў яна сустракалася з Пашынянам і міністрам замежных спраў краіны Араратам Мірзаянам. Сёлета 4 і 5 траўня яна ўпершыню наведала Арменію.

7 чэрвеня ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. Масква здзяйсняе на Ерэван палітычны і эканамічны ціск. 1 красавіка на сустрэчы з Пашынянам у Маскве Пуцін выказаўся за ўдзел у выбарчай кампаніі прарасійскіх партый. У траўні РФ ўвяла абмежаванні на ўвоз шэрагу армянскіх тавараў.

Гл. таксама:

Кому поперек горла европейский выбор Армении. Лукашенко атакует Пашиняна, подыгрывая Путину (на рускай мове)

Падзяліцца: