Мінск 12:32

Асноўны рост аўтарынка ў траўні забяспечыў сегмент транспарту на новых крыніцах энергіі — БАА

Паслядоўна-паралельны гібрыд Belgee X80 PHEV
Ілюстрацыйнае фота на сайце belgee.by

5 чэрвеня, Позірк. Найбольшы ўнёсак у рост аўтамабільнага рынку Беларусі ў траўні 2026 года зрабіў сегмент транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі (NEV), які ўключае гібрыдныя і цалкам электрычныя мадэлі, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).

Агулам за апошні месяц вясны было рэалізавана 8,1 тыс. новых аўтамабіляў — на 21,5% больш, чым у красавіку.

Колькасць прададзеных аўто з рухавікамі ўнутранага згарання павялічылася на 2%, гібрыдаў — на 50%, электракараў — на 47%.

Па выніках справаздачнага месяца, “аб’ём продажаў электрамабіляў дасягнуў 3,5 тыс. адзінак”, што стала “самым высокім паказчыкам за ўсю гісторыю назіранняў на рынку новых аўтамабіляў Беларусі”.

У сегменце гібрыдаў, адзначае БАА, асноўны прырост забяспечыў брэнд Belgee (600 аўто; рост “больш як на 50% у параўнанні з красавіком”).

Агулам завод “БелДжы” прадаў 4.250 аўтамабіляў Belgee і Geely.

“Узмацніў пазіцыі” брэнд Dongfeng, “павялічыўшы продажы практычна ў тры разы — 1,4 тыс. аўтамабіляў”.

“У сегменце аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання варта адзначыць аднаўленне паставак аўтамабіляў Haval. Па выніках траўня брэнд увайшоў у пяцёрку найбольш прадаваных марак у сегменце РУЗ”, — падкрэслівае БАА.

Паводле даных асацыяцыі, травеньская статыстыка пацвярджае “захаванне высокага попыту на аўтамабілі з альтэрнатыўнымі тыпамі сілавых установак”. “Рост сегмента гібрыдаў падтрымліваецца развіццём лакальнай вытворчасці, а высокая цікавасць да электрамабіляў шмат у чым захоўваецца дзякуючы дзейным ільготам для гэтага віду транспарту”, — гаворыцца ў паведамленні.

Агульны аб’ём аўтамабільнага рынку Беларусі ў 2025 годзе склаў 158,7 тыс. адзінак, паведаміў дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота ў студзені. Гэта ўсе аўтамабілі, пастаўленыя на ўлік, у тым ліку прададзеныя юрыдычнымі асобамі, патлумачыў ён. За год рынак вырас на 14%.

Падзяліцца: