Падчас пасяўной паўтысячы работнікаў было адхілена ад працы — Мінпрацы

5 чэрвеня, Позірк. Аб адхіленні каля 500 работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ад працы падчас пасяўной кампаніі 2026 года паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, прычынамі сталі “няпройдзены інструктаж па ахове працы, адсутнасць медаглядаў, незабеспячэння сродкамі індывідуальнай абароны“.
Агулам мабільныя групы мясцовых выканкамаў сумесна з прадстаўнікамі дзяржінспекцыі працы ведамства “правялі больш за 660 маніторынгаў, падчас якіх выяўлена каля 7 тыс. парушэнняў патрабаванняў аховы працы“.
Асноўнымі названыя: “Эксплуатацыя тэхнікі без ахоўных агародж рухаюцца частак; допуск да працы непадрыхтаваных супрацоўнікаў; неўстаноўка знятых вузлоў і агрэгатаў на ўстойлівыя падстаўкі пры рамонце; незазабеспячэнне ўстаноўкі супрацьадкатных упораў пры то і рамонце тэхнікі; незазабеспячэнне або невыкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны”.
Была прыпыненая праца больш за 220 адзінак абсталявання, эксплуатацыя якіх пагражала жыццю і здароўю работнікаў.
За апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, смяротны — у два, паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун. Ён паведаміў, што ў 2025 годзе зафіксаваны гістарычны мінімум па колькасці смяротных выпадкаў на працы — 103.
Паводле даных Мінпрацы, асноўныя фактары траўматызму — недапрацоўка наймальніка, напрыклад недастатковая падрыхтоўка працоўных месцаў, адсутнасць распрацаваных інструкцый, навучання.
На зніжэнне траўматызму на прадпрыемствах ўплывае памяншэнне колькасці занятых на працоўных месцах са шкоднымі ўмовамі працы, адзначыў на той жа красавіцкай прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Мінпрацы Іван Карчэўскі.
Паводле яго слоў, цяпер ва ўмовах, якія не адпавядаюць нормам бяспекі па ўзроўні шуму, працуе 260 тыс. чалавек, па ўзроўні ўздзеяння пылу і загазаванасці — 28 тыс., падвышанай вібрацыі — 77 тыс. занятыя цяжкай фізічнай працай 190 тыс. работнікаў.
“Праца для арганізацый па паляпшэнні ўмоў працы трэба будзе даволі вялікая. Усяго ў Беларусі 648 тыс. чалавек працуюць ва ўмовах, якія не адпавядаюць тэхнічным нарматывам. Гэта вялікая армія, 16% занятых у эканоміцы. Паляпшэнне ўмоў працы будзе спрыяць памяншэнню траўматызму”, — сказаў Карчэўскі.
Паводле даных Мінпрацы, ва ўмовах, якія не адпавядаюць тэхнічным нарматывам, у 2023 годзе працавала 703 тыс. чалавек, у 2020-м — 760,8 тыс.
Колькасць работнікаў, якія загінулі на вытворчасці, за 10 гадоў павялічылася на 11,1% (з 72 за 2015-ы да 80 за 2025 гады), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. У Мінскай вобласці яно вырасла ў 2,6 раза (з 8 да 21), у Гродзенскай — на 20% (з 10 да 12); у Брэсцкай і Віцебскай — не змянілася (11 і 8 адпаведна); у Гомельскай — зменшылася на 23,1% (з 13 да 10), у Мінску — на 20% (з 10 да 8), Магілёўскай вобласці — на 16,7% (з 12 да 10).
Усяго колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці стала больш на 6,2% (1.619 супраць 1.524), з удзелам нецвярозых работнікаў — на 6,3% (51 супраць 48).
На вытворчасці ў 2025 годзе траўмавана 1.835 работнікаў, паведамляла раней Генпракуратура.
Паводле даных Мінпрацы і сацабароны, у 2024 годзе на вытворчасці траўмавалася 1.849 чалавек (-1 да 2023-га). Колькасць загінулых скарацілася са 117 да 105.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская выказалася за тое, каб больш беларусаў вучыліся ў Еўропе, адчулі еўрапейскі лад жыцця (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская: Расія хоча, каб Беларусь заставалася залежнай, кантраляванай і нерэфармаванайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
