Мінск 12:19

Памежная служба Украіны заявіла пра рост колькасці расійскіх дронаў, якія залятаюць праз Беларусь

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка
Відэазапіс: Media Center Ukraine / стоп-кадр: "Позірк"

6 чэрвеня, Позірк. Пра рост у апошнія тыдні колькасці расійскіх дронаў, якія залятаюць праз Беларусь, заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

“Рэжым Лукашэнкі нядаўна абвінавачваў Украіну, што яны штодня бачаць, як баявыя дроны залятаюць з Украіны ў Беларусь, знішчаюць памежную інфраструктуру. Гэта такі абсурд з іх боку, бо фактычна наадварот усё адбываецца і чамусьці іх СПА, як яны пра гэта заяўлялі, якая “бачыць“ дроны з Украіны, не “заўважае“ дроны, якія ляцяць менавіта з Расіі“, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Паводле яго слоў, большасць дронаў, якія запускае Расія па тэрыторыі Украіны для таго, каб ажыццяўляць масіраваныя атакі (“шахеды“, “герберы“), заходзяць праз мяжу Беларусі з Украінай, затым ідуць уздоўж мяжы, “частка потым ідзе менавіта па тэрыторыі Украіны, а частка можа як раз залятаць на тэрыторыю Беларусі, каб ісці далей і заляцець праз Кіеўшчыну, праз Жытоміршчыну“. “І Беларусь ніякім чынам — я ні разу не чуў — не асудзіла такія дзеянні Расіі, якая выкарыстоўвае фактычна паветраную прастору Беларусі для нападаў па Украіне“, — заявіў Дземчанка.

Спікер ДПСУ звярнуў увагу на пастаянныя вучэнні беларускай арміі: “Напэўна, лягчэй падлічыць, колькі не праходзіла вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, чым дзеянняў, якія ў Беларусі адбываюцца. Праверка боегатоўнасці, сумесныя вучэнні з Расіяй, праверка розных падраздзяленняў менавіта арміі Беларусі адбываецца пастаянна. Фактычна толькі невялікія прамежкі часу, калі ёсць нейкая паўза, напэўна”.

Дземчанка заявіў пра адсутнасць на тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў у колькасці, дастатковай для паўторнага (пасля лютага 2022 года) уварвання ва Украіну. “Паводле стану на цяпер, калі казаць пра расійскія войскі, напрыклад, на тэрыторыі Беларусі, то яны не ў вялікай колькасці. І фактычна Расія не перакінула туды дадатковыя нейкія падраздзяленні, каб рызыку, пагрозу для нашай краіны можна было ацэньваць як нарастальную“, — заявіў спікер.

У той жа час, паводле яго слоў, пагроза ўзрастае праз тое, што Расія “цяпер больш актыўна цісне на Беларусь, каб яна ўласнымі сіламі далучылася да вайны <…> на баку Расіі”. “І тут нельга выключаць ні паўторнага ўварвання, але ўжо іншымі складнікамі, ні правакацый на мяжы з мэтай адцягнення нашай увагі. Таму агулам рызыка захоўваецца”, — сказаў Дземчанка.

Паводле яго слоў, разведка сочыць за тым, “як развіваецца сітуацыя ўглыб тэрыторыі Беларусі“, “на пэўнай адлегласці“ ад мяжы, каб, вядома, “своечасова адрэагаваць на любыя выклікі“.

“Але ў першую чаргу наша задача — гэта нарасціць нашы ахоўныя пазіцыі. На гэтым настойвае і прэзідэнт Украіны. І цяпер гэтыя крокі, гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца па розных напрамках: і інжынернымі падраздзяленнямі Дзяржаўнай памежнай службы, што датычыцца непасрэдна інжынерных умацаванняў на мяжы. Гэта ўзровень мясцовай улады, іншыя складнікі Сіл абароны, што тычыцца нарошчвання фартыфікацый. І гэта датычыцца ўсёй працягласці мяжы з Беларуссю: Валынь, Ровеншчына, Жытоміршчына, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына — больш за тысячу кіламетраў у нас [мяжа] з Беларуссю“, — сказаў прадстаўнік пагранведамства.

“Кожны напрамак для нас важны, — падкрэсліў ён. — Таму што могуць быць правакацыі і ў кірунку Кіева, могуць быць правакацыі і па заходнім участку з мэтай пераразання лагістычных шляхоў, напрыклад. Гэта таксама назіралася ў 2022 годзе. Таму трэба, вядома, рыхтавацца да нечага горшага, але, зразумела, быць мацнейшымі за тое, што можам да нас прыйсці“.

Аб актыўнай разведцы беларускай тэрыторыі з задзейнічаннем радыёэлектронных комплексаў, якая вядзецца ўкраінскім бокам, заявіў 26 траўня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

“На памежных украінскіх палігонах адпрацоўваюцца пытанні прымянення ўдарных БПЛА, а таксама штурму і захопу будынкаў. На гэтым фоне штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэнне мяжы Беларусі ўкраінскімі баявымі БПЛА і іх падзенне на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі“, — сказаў Вальфовіч на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ у Маскве. Паводле яго сцвярджэння, толькі за апошні тыдзень іх было 116, “дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў”.

На выказванні Вальфовіча ў той жа дзень адрэагаваў Дземчанка: “Шмат абсурдных слоў пра сітуацыю ва Украіне і што штодня яны сродкамі СПА фіксуюць рэгулярнае перасячэнне мяжы з нашай дзяржавы баявымі БПЛА. Толькі за апошні тыдзень “налічылі” 116. І да таго ж іх СПА, верагодна, можа фіксаваць толькі ўкраінскія сродкі, таму што тое, што залятае ва Украіну з Беларусі, яны чамусьці не фіксуюць“.

Падзяліцца: