Мінск 01:51

Дырэктар школы ў Дзяржынскім раёне падазраецца ў крадзяжы бюджэтных сродкаў, шкода — “звыш 2 тыс. рублёў“

21 траўня, Позірк. У дачыненні да дырэктара школы ў Дзяржынскім раёне (Мінская вобласць) і яе нявесткі распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 210 КК (крадзеж маёмасці альбо набыццё права на маёмасць, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), паведамляе Генеральная пракуратура.

Устаноўлена, што 52-гадовая дырэктар школы “па папярэдняй змове з жонкай свайго сына са студзеня па красавік 2026 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, здзейснілі крадзеж бюджэтных грашовых сродкаў“.

У прыватнасці, кіраўнік “выдала фіктыўныя загады аб прыёме на працу на 0,25 стаўкі нявесткі на пасады сакратара па вучэбнай частцы і аператара ЭВМ”. Затым яна “давала незаконныя ўказанні падначаленым работнікам уносіць загадзя ілжывыя звесткі ў табеля ўліку працоўнага часу — указваць колькасць нібыта адпрацаваных нявесткай гадзін“. Фіктыўныя дакументы дырэктар школы сама і пацвярджала.

Незаконна налічанай заработнай платай за працу, якую фактычна ніхто не выконваў, падазраваныя пасля распарадзіліся паводле свайго меркавання, гаворыцца ў рэлізе.

Школе нанесены ўрон “у суме звыш 2 тыс. рублёў”.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ў Дзяржынскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Аб меры стрымання ў дачыненні да падазраваных не паведамляецца.

7 траўня Генеральная пракуратура паведаміла, што пракуратура Полацкага раёна (Віцебская вобласць) накіравала ў суд крымінальную справу кухаркі, якая абвінавачваецца ў крадзяжы прадуктаў са школьнай сталовай. Жанчыне ставіцца ў віну ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне альбо растрата).

13 красавіка паведамлялася, што ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) на 49-гадовую жанчыну — дырэктара школы заведзеная крымінальная справа за “крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры“.

Генпракуратура заявіла, што з 24 жніўня 2022 года па 23 сакавіка 2025-га тая “давала незаконныя ўказанні падначаленым супрацоўнікам аб унясенні ў табелі ўліку працоўнага часу загадзя ілжывых звестак аб выкананні работ па сумяшчальніцтве тэхнічным работнікам, сакратаром і сацыяльным педагогам“. Насамрэч, як сцвярджалася, гэтыя асобы свае працоўныя абавязкі не выконвалі, а налічаную ім заработную плату перадавалі дырэктару школы, якая распараджалася грашыма “паводле свайго меркавання“.

У выніку быў нанесены ўрон на 16,4 тыс. рублёў.

31 сакавіка паведамлялася, што ў Брэсце распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) за крадзеж прадуктаў са школьных сталовых. Паводле звестак Гепракуратуры, дзве службовыя асобы — загадчыкі вытворчасцяў у дзвюх школах — “увайшлі ў змову” з кухоннымі работнікамі і кухарамі, а таксама кіроўцамі, якія займаліся перавозкай прадуктаў. Крадзеж быў здзейснены на суму не менш чым 4,9 тыс. рублёў.

Падзяліцца: