Па “справе Чорнай кнігі Беларусі” асуджаны мінімум 31 чалавек, 21 застаецца ў няволі — “Вясна”

21 чэрвеня, Позірк. Мінімум 31 чалавек асуджаны па “справе Чорнай кнігі Беларусі”, 21 з іх застаецца ў месцах несвабоды, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Адзначаецца, што сярод асуджаных — супрацоўнікі банка, былыя пракуроры, міліцыянеры, следчыя, чыноўнікі, адвакат, былы падпалкоўнік юстыцыі, судмедэкспет, музыка і мастак.
“Па справе асуджаныя чатыры айцішнікі, чатыры дзяржслужачыя, пяць былых сілавікоў. Пяць кіраўнікоў праекта былі асуджаныя завочна. Толькі два палітвязні выйшлі на волю па “справе ЧКБ” па сканчэнні тэрмінаў”, — паведамляюць праваабаронцы.
Паводле іх звестак, асуджаныя па гэтай справе “фактычна знаходзяцца ў ізаляцыі нават унутры турэмнай сістэмы”, амаль усе ўнесеныя ў “спіс тэрарыстаў”, што, як адзначаецца, “азначае поўную блакаду грашовых пералічэнняў — палітвязні не могуць купіць сабе нават элементарныя рэчы або ежу ў краме калоніі”.
“Больш за тое, — дадае “Вясна”, — фігуранты “справы ЧКБ”, падобна, унесеныя ў “чорны спіс” на памілаванне. За ўвесь час былі памілаваныя толькі дзве палітзняволеныя, якія адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4″.
Праект “Чорная кніга Беларусі” (“ЧКБ”) займаўся зборам і распаўсюджваннем асабістай інфармацыі пра сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях.
31 траўня 2022 года праект “Чорная кніга Беларусі” быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
4 лістапада 2022-га меркаваных адміністратараў “ЧКБ” уключылі ў “пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, які вядзе КДБ.
18 студзеня 2023 года Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі фігурантаў гэтай справы: Дзмітрыя Навошу, а таксама Яніну Сазановіч, Данііла Багдановіча, Валерыю Занемонскую і Вольгу Высоцкую (усе знаходзяцца за мяжой). Іх абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (узбуджэнне варожасці або варажнечы групай асоб) і ч. 3 арт. 2031 (незаконны збор і распаўсюджванне персанальных даных <…> асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці і выкананнем грамадскага абавязку) Крымінальнага кодэкса.
Згодна з матэрыяламі справы, “абвінавачаныя і іншыя асобы не пазней за жнівень 2020 года аб’ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал “Чорная кніга Беларусі” і іншыя аналагічныя рэсурсы”.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка



