Спікер КР Брухан выступіў за “запуск нацыянальнага дыялогу і пошук мірных шляхоў выхаду з палітычнага крызісу”

21 чэрвеня, Позірк. Першую заяву пасля абрання спікерам Каардынацыйнай рады (КР) зрабіў у тэлеграм-канале структуры Арцём Брухан.
“Перш за ўсё хачу падзякаваць членам Каардынацыйнай рады за аказаны мне давер і падтрымку пры абранні на пасаду спікера. Для мяне гэта вялікі гонар і адначасова вялікая адказнасць”, — адзначыў ён.
Паводле пераканання Брухана, КР сёння “ўступае ў перыяд, калі яе роля можа зноў стаць асабліва важнай для будучыні Беларусі”.
“Мы жывем падчас сур’ёзных выклікаў і высокай нявызначанасці, — удакладніў палітык. — Вайна працягваецца побач з нашымі межамі, расце міжнародная напружанасць, а Беларусь застаецца ў сітуацыі глыбокага ўнутранага палітычнага крызісу”.
Падзеі апошніх дзён, паводле слоў спікера КР, паказваюць, што “рызыкі для бяспекі і незалежнасці <…> краіны захоўваюцца і могуць узрастаць”. “У гэтых умовах асабліва важна зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не была ўцягнутая ў далейшую вайсковую эскалацыю і захавала магчымасць самастойна вызначаць сваю будучыню”, — падкрэсліў Брухан.
“На мой погляд, — дадаў ён, — пытанне нацыянальнага дыялогу сёння выходзіць далёка за межы палітычных рознагалоссяў. Гэта ўжо не толькі пытанне дэмакратыі, правоў чалавека або пераадолення ўнутранага крызісу. Гэта пытанне міру, бяспекі і захавання беларускай дзяржаўнасці”.
Калі грамадства падзеленае, адзначыў спікер КР, “палітычны канфлікт застаецца нявырашаным, Беларусь становіцца больш уразлівай перад знешнімі выклікамі і пагрозамі”.
“Наадварот, пошук узаемаразумення паміж прадстаўнікамі функцыянальнай улады, дэмакратычных сіл і грамадства здольны ўмацаваць ўнутраную ўстойлівасць краіны, яе суверэнітэт і здольнасць адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы”, — заявіў ён.
Спікер лічыць неабходным пачаць у КР “змястоўнае абмеркаванне ініцыятыў, накіраваных на запуск нацыянальнага дыялогу і пошук мірных шляхоў выхаду з палітычнага крызісу”.
“Беларусі неабходны ўласны парадак дня міру, адказнасці і нацыянальнай згоды. Мы не можам уплываць на рашэнні, якія прымаюцца за межамі нашай краіны, але можам зрабіць усё магчымае, каб лёс Беларусі вызначаўся самімі беларусамі”, — падкрэсліў Брухан.
КР, паводле яго сцвярджэння, здольная “адыграць важную ролю ў кансалідацыі грамадства вакол галоўных каштоўнасцяў — незалежнасці, міру і права Беларусі на ўласны шлях развіцця”.
Брухан заклікаў членаў КР “пачаць абмеркаванне адпаведных ініцыятыў і сумесна шукаць рашэнні, якія дапамогуць захаваць мір у Беларусі, умацаваць яе незалежнасць і стварыць умовы для нацыянальнага дыялогу”.
Пра абранне Брухана спікерам прэс-служба КР паведаміла ўвечары 20 чэрвеня.
Члена Кааліцыі “Латушка і Рух “За Свабоду”, які ўзначальваў КР 3-га склікання з канца леташняй вясны, падтрымалі 62 дэлегаты з тых 66, якія ўзялі ўдзел у галасаванні (усяго ў палітычнай структуры 80 дэлегатаў). Яго суперніка Андрэя Коласа — толькі паплечнікі па фракцыі “Ваш Голас”, якую ён узначальвае (чатыры галасы з улікам яго ўласнага).
Ціханоўская зычыла Брухану "мудрасці, вытрымкі і плённай працы" на пасадзе спікера КР
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



