Мінск 12:21

Украіне перададзены даклад НАУ пра “трансфармацыю Беларусі ў ваенны плацдарм РФ”

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

22 чэрвеня, Позірк. Ліст і 30-старонкавы даклад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), які “фіксуе поўную трансфармацыю Беларусі ў ваенны плацдарм” Расіі, накіраваў міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, у дакуменце пазначаны “шэраг ключавых прыкметаў таго, што рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі вядзе актыўную падрыхтоўку да прамога ўступлення ў ваенны канфлікт або надання тэрыторыі для новых удараў”.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра “легалізацыю прэвентыўных удараў”. Адзначаецца, што “рэжым унёс ключавыя змены ў заканадаўства, якое тычыцца вайсковай сферы”, у выніку чаго Беларусь “перастала быць нейтральнай і бяз’ядзернай краінай”. Новая ваенная дактрына, прынятая ў 2024 годзе, “афіцыйна дазваляе наносіць прэвентыўныя ўдары пры “непасрэднай пагрозе”.

Гаворыцца таксама пра “маштабнае разгортванне сіл”. Сабраныя НАУ матэрыялы паказваюць, што з 2022 года колькасць вайскоўцаў, якія служаць на падставе кантракту, “вырасла ў 1,5 раза”, а “мабілізацыйны рэзерв ацэньваецца ў 289 тыс. чалавек”.

У дакладзе нагадваецца, што “на ўкраінскім кірунку ствараецца Паўднёвае аператыўнае камандаванне (агульная колькасць войскаў можа вырасці больш за 80 тыс.)”, акрамя таго, фармуецца “народнае апалчэнне”. У той жа час, як заяўлена, “актыўна пераймаецца расійскі досвед: укаранёныя СМС-позвы, дазволена прымаць у войска зняволеных”.

За чатыры гады “абаронныя выдаткі бюджэту выраслі ў 5 разоў”. ВПК Беларусі “цалкам інтэграваны з расійскім, уведзены татальны рэжым сакрэтнасці”. Толькі за 2024 год на ўзбраенне “прынята больш за 4 тыс. новых адзінак вайсковай тэхнікі”.

У Беларусі на “сталай аснове дыслакуюцца расійскія войскі, размяшчаецца тактычная ядзерная зброя і ракетны комплекс “Арэшнік”. Беларускіх вайскоўцаў навучаюць інструктары ПВК “Вагнер”.

Уздоўж межаў з Украінай, Польшчай і Літвой “будуюцца лініі абароны”. “Інфраструктура (масты, аэрадромы) мадэрнізуецца пад цяжкую тэхніку РФ. У школах уведзеная абавязковая вайсковая падрыхтоўка, а дзесяткі тысяч дзяцей абавязкова павінны праходзіць праз адмысловыя вайскова-патрыятычныя лагеры”, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла “інструкцыі па жорсткім сартаванні параненых ва ўмовах ваеннага часу”. У Мінску “правялі рэвізію 5 тыс. бамбасховішчаў, рэгулярна выпрабоўваюцца сістэмы апавяшчэння, а для патрэбаў апалчэння на раённых узроўнях масава закупляюць бронекамізэлькі”.

Абавязковыя рэзервы нафтапрадуктаў павялічаныя ўдвая (да 30 дзён захоўвання). Міністэрства абароны пашырыла спісы грамадзянскай тэхнікі, якая трапляе пад мабілізацыю падчас ваеннага становішча.

У 2026 годзе рэжым працягвае практыку бесперапынных маштабных вайсковых манеўраў: “Гэта выкарыстоўваецца для прыхаванай верыфікацыі мабілізацыйных спісаў і падтрымання высокага ўзроўню псіхалагічнай напругі ў грамадстве”.

Дакумент накіраваны ва ўкраінскае МЗС на фоне жорсткай пазіцыі, якую заняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адносна дапамогі рэжыму ў Мінску расійскай агрэсіі.

19 чэрвеня Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Украінскі прэзідэнт таксама заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.

Адначасова ён паведаміў, што Кіеву вядома “пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію” і яе вайну. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што “кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бронетэхнікі, ракетных сістэм”, а таксама “прадпрыемствы, якія пастаўляюць Расіі паліва для вайны”, — усё гэта з’яўляецца “ўцягваннем Беларусі ў вайну”.

У інтэрв’ю тэлеканалу ТСН 21 чэрвеня Зяленскі зноў заявіў, што Лукашэнка на працягу бліжэйшага тыдня павінен прадэманстраваць канкрэтныя крокі па дээскалацыі.

Паводле слоў прэзідэнта, ён тлумачыў Лукашэнку, што трэба рабіць: “Дэманстрацыя канкрэтных крокаў. Крок № 1: ніякай тэхнічнай падтрымкі. Прамая падтрымка рэтранслятараў — выключыць, зняць і паказаць нам, што гэта знята. І мы завяршылі гэтае пытанне. Паколькі гэта перадавалася ім (беларускім уладам. — “Позірк“.) неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сігналу. Калі не здыме, то мы здымем — усё, што адбудзецца за тыдзень. Альбо яны, альбо мы. Вось і ўсё”.

“Таксама мы ім кажам, даем сігнал: спыніце, калі ласка, пастаўку паліва расійскай арміі. Але гэта толькі сігнал, тут няма ніякіх пагроз, нічога. Мы проста кажам, што гэта бачым”, — сказаў Зяленскі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: