Мінск 17:34

Пракуратура зноў выявіла ў Мінску небяспечныя дзіцячыя пляцоўкі

Будынак пракуратуры Мінска
Фота: wikimapia.org

7 ліпеня, Позірк. Пра выяўленне ў Мінску “гульнявых зон у неналежным стане” паведаміла 7 ліпеня Генеральная пракуратура.

Адзначаецца, што ў Заводскім раёне сталіцы “шэраг дзіцячага абсталявання эксплуатаваўся ў тэхнічна няспраўным стане”. Дэфекты “мелі відавочны характар і маглі зрабіць істотную шкоду здароўю дзяцей і моладзі, а таксама стварыць умовы для павышэння рызыкі дзіцячага траўматызму і парушэння тэхнікі бяспекі”.

У прыватнасці, дзіцячыя горкі мелі “істотныя пашкоджанні, расколіны”. У пясочніцах былі “надламаныя дошкі, тырчалі цвікі”. На асобных арэлях былі “не пафарбаваныя сядзенні, надламаны пластык, драўляныя дэталі патрабавалі замены з прычыны прыкмет гнілі і трухлявасці”.

Паводле вынікаў наглядных мерапрыемстваў вынесена прадпісанне дырэктару КУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка Заводскага раёна Мінска”. Яно змяшчае патрабаванне “неадкладна ліквідаваць выяўленыя парушэнні”, а таксама “прыняць неабходныя захады па прывядзенні дзіцячых пляцовак у належны стан”.

Паведамляецца, што акт пракурорскага нагляду выкананы. Выяўленыя парушэнні ліквідаваны, дзіцячае абсталяванне, якое не падлягала рамонту, дэмантавана і заменена.

9 чэрвеня паведамлялася, што ў Савецкім раёне Мінска супрацоўнікі нагляднага органа выявілі “зламаныя траўманебяспечныя драўляныя часткі арэляў і пясочніцы з вострымі часткамі абломкаў, а таксама расколіны і сколы пластыкавых элементаў абсталявання”. Пашкоджанні маглі “прывесці да заціскання частак цела дзяцей”. Доступ да гэтых аб’ектаў “не быў належным чынам абмежаваны”.

Тэрыторыі некаторых пляцовак, як адзначалася, “зараслі пустазеллем, пры гэтым меры па яе выдаленні не прымаліся”.

Больш за тое, паводле сцвярджэння пракуратуры, у пясочніцах “адсутнічаў пясок, на некаторых элементах меліся нецэнзурныя надпісы”.

Пракурор Савецкага раёна запатрабаваў ад раённай адміністрацыі ліквідаваць выяўленыя парушэнні.

Гл. таксама:

Пракуратура выявіла шэраг парушэнняў на дзіцячых пляцоўках у Клімавічах

Для прывядзення да ладу дзіцячых пляцоўках у Крычаве спатрэбілася ўмяшанне КДК

Падзяліцца: