Мінск 15:38

У Мінскай вобласці затрыманы лжэсвятар — МУС

10 ліпеня, Позірк. Аператыўнікамі 10-га ўпраўлення (па Мінскай вобласці) ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы асобнага атрада спецпрызначэння “Рысь” унутраных войскаў затрыманы лжэсвятар, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што 40-гадовы жыхар Віцебскай вобласці “арганізаваў і кіраваў дзейнасцю псеўдарэлігійных арганізацый, сект, у тым ліку прызнаных экстрэмісцкімі” (не ўдакладняецца, якіх менавіта. — “Позірк”.).

“Для папулярызацыі сваёй дзейнасці і прыцягнення новых паслядоўнікаў мужчына стварыў і адміністраваў акаўнты ў сацсетках, дзе прапаноўваў царкоўныя паслугі, а таксама размяшчаў парнаграфічныя матэрыялы”, — гаворыцца ў рэлізе.

Затрыманы перапісваўся з беларусамі і замежнікамі “з мэтай правядзення для іх за грошы рэлігійных абрадаў, рытуалаў, цырымоній, як аддалена, так і па месцы жыхарства, збіраў сродкі нібыта на ўладкаванне храма”, “насамрэч прыбытак траціў на алкаголь”.

У сваім доме фігурант “арганізоўваў групавыя дзеянні сексуальнага характару, у якіх сам прымаў удзел”, пры гэтым “не папярэджваў партнёраў аб сваім станоўчым ВІЧ-статусе, ставячы іх у небяспеку заражэння”: “Акрамя таго, падвяргаў гвалту знаёмага, у сувязі з чым той выказваў намеры аб самагубстве”.

Затрыманы раней адбываў пакаранне за распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, распаўсюджванне парнаграфіі, а таксама за крадзеж рэлігійных прадметаў.

Узбуджаны крымінальныя справы за незаконную дзейнасць рэлігійнай арганізацыі, а таксама за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў (крымінальныя артыкулы не пазначаны. — “Позірк”.).

Затрыманы змешчаны ў ІЧУ.

Падзяліцца: