Мінск 16:26

Мужчына, які знік тыдзень таму, знойдзены мёртвым у Віцебску — патануў у Заходняй Дзвіне

Фота: ТРВОД

14 ліпеня, Позірк. Пра ўтапленне ў Віцебску мужчыны 1992 года нараджэння паведамляе Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Цела было знойдзена 13 ліпеня ў рацэ Заходняя Дзвіна.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 6 ліпеня мужчына пайшоў з дому ў невядомым кірунку.

“Супрацоўнікамі ТРВОД загінулы быў выняты з вады і дастаўлены на бераг”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней паведамлялася, што за мінулыя суткі ў Беларусі патанулі два чалавекі.

Ад пачатку 2026 года да 8 ліпеня ў вадаёмах патанулі сем непаўналетніх (у 2025-м за той жа перыяд — восем) і 103 дарослыя (130), заяўляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Павел Зайцаў.

Ад 1 траўня, паводле даных Генпракуратуры, ад адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.42 КаАП за купанне ў забароненых месцах рэк, азёр або іншых вадаёмаў вызвалена больш за 1.500 грамадзян. Ім вынесены папярэджанні.

Прадстаўніца ТРВОД Ганна Новікава паведаміла, што ў Беларусі функцыянуе 340 ратавальных аб’ектаў, у тым ліку 68 ратавальных станцый, 113 стала дзеючых і 159 сезонных ратавальных пастоў.

Паводле яе слоў, у краіне 518 арганізаваных месцаў адпачынку ля вады, з іх 23 адкрыты ў 2026 годзе.

З пачатку траўня былі выратаваныя 111 чалавек, якія танулі, з іх 36 дзяцей. З агульнай колькасці 70 чалавек выратавалі супрацоўнікі ТРВОД, адзначыла Новікава.

Падзяліцца: