Мінск 17:22

Прадавец у Свіслацкім раёне асуджана за прысваенне 24 тыс. рублёў, грошы яна прайгравала ў анлайн-казіно

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

14 ліпеня, Позірк. Набыў моц прыгавор суда Свіслацкага раёна (Гродзенская вобласць) ад 30 чэрвеня ў дачыненні да мясцовай жыхаркі, абвінавачанай у прысваенні 23.443,04 рублёў (ч. 3 арт. 211 Крымінальнага кодэкса).

Як паведамляе Вярхоўны суд, жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 3,5 года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Яна таксама пазбаўлена права цягам чатырох гадоў займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Адзначаецца, што жанчына працавала прадаўцом і ад студзеня да лістапада 2025 года “прысвоіла даручаныя ёй грашовыя сродкі, а таксама прадукцыю, якая рэалізоўвалася ў краме, зрабіўшы ўладальніку гандлёвай кропкі маёмасную шкоду”.

У ліку іншага грошы яна прайгравала ў анлайн-казіно, у якіх зарэгістравалася ў канцы 2024 года. Сцвярджаецца, што ў казіно фігурантка гуляла амаль штодня, а грошы для гэтага пачала браць з касы крамы ад студзеня 2025-га.

Таксама абвінавачаная частку набытага грамадзянамі тавару “па касе не праводзіла“, яна “выконвала карэкцыю чэка і розніцу забірала сабе”. Акрамя гэтага, жанчына сістэматычна брала ў краме прадукты і іншыя тавары, за якія не расплачвалася.

Віну абвінавачаная прызнала цалкам, у зробленым раскаялася, гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: