Мінск 19:49

“Белавія” карэктуе час палётаў у Маскву на фоне чарговай атакі ўкраінскіх беспілотнікаў

Фота: "Белавія"

14 ліпеня, Позірк. Нацыянальны перавозчык “Белавія” паведаміў пра змяненне часу адпраўлення і працягласці палётаў у Маскву і праз паветраную прастору Маскоўскай вобласці.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе, гэта звязана з “увядзеннем абмежаванняў для выканання транзітных палётаў у межах маскоўскага вузлавога дыспетчарскага раёна”.

“Змены закрануць не толькі прамыя рэйсы ў Маскву, але і маршруты, якія праходзяць праз тэрыторыю названага раёна, — адзначае авіяперавозчык. — Новы фактычны час адпраўлення рэйса можа быць ранейшы за пазначаны ў білеце першапачаткова”.

Пасажырам рэкамендавана “абавязкова правяраць актуальны статус рэйса”: “Напярэдадні вылету глядзіце раздзел “Статус браніравання” на сайце belavia.by або анлайн-табло аэрапорта вылету”.

Прычыны “ўвядзення абмежаванняў” “Белавія” не ўдакладніла.

Раней паведамлялася пра чарговую атаку ўкраінскіх беспілотнікаў па аб’ектах у Маскве і Маскоўскай вобласці. Мэр Сяргей Сабянін адзначаў, што сілы супрацьпаветранай абароны збілі пяць БПЛА, якія “ляцелі на Маскву”. Усяго за суткі, паводле яго слоў, збіта 23 дроны. Пра пацярпелых і разбурэнні Сабянін не паведамляў.

Таксама паведамлялася, што за апошнія суткі ў Маскоўскай вобласці збіта не менш за 34 дроны.

Падзяліцца: