Мінск 19:50

Ціханоўская ў дзень народзінаў журналіста Ільяша запатрабавала яго вызвалення

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава)
Архіўнае фота на старонцы Ільяша ў "Фэйсбуку"

18 ліпеня, Позірк. “Ігар мае быць вызвалены”, — з такім патрабаваннем беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выступіла 18 ліпеня, у дзень, калі палітычнаму аглядальніку Ігару Ільяшу споўнілася 38 гадоў.

“Сёння журналіст Ігар Ільяш праводзіць свой дзень народзінаў ў якасці палітычнага зняволенага ў Беларусі, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Яго жонка, журналістка Кацярына Андрэева, была вызваленая сёлета пасля больш як пяці гадоў, праведзеных у зняволенні. Праз рэпрэсіі яны правялі паасобку палову свайго шлюбу”.

Андрэева ​​(Бахвалава) у дзень народзінаў свайго мужа канстатавала, што “яго абвінавацілі ў “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” і прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што ён быў выдатным прафесіяналам і казаў праўду”.

У інтэрв’ю “Радыё Свабода” яна паведаміла, што Ільяш у добрым псіхалагічным стане, але яго фізічны стан выклікае трывогу, ён моцна схуднеў. Паводле слоў журналісткі, муж ужо прабыў у штрафным ізалятары агулам 60 сутак. Выйшаўшы адтуль, “адразу пачаў скардзіцца на ацёкі <…> ног і рук”.

“А пасля ізалятара яго накіравалі на працу — на перапрацоўку гумы, прыкладам, шын. І гэта таксама вельмі кепска адбілася на здароўі — пачаў адчуваць недахоп каардынацыі руху, асабліва правай рукі. А калі ён апошні раз выйшаў з ШЫЗА, то бачылі, што ён кульгае. Ну і дадайце сюды тое, што праз ШЫЗА рэзка пагоршыўся зрок”.

Пра затрыманне Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый праўладных рэсурсаў вынікала, што нагодай для пераследу сталі інтэрв’ю незалежным СМІ. Мужчыну інкрымінавалі арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. 16 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Віну ён не прызнаў.

Андрэева ​​была затрыманая разам з аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года, калі вяла жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“Плошча перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску). Абедзве былі асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі за “дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак” (у ліпені 2022-га Бахвалаву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю і з’ехала з краіны).

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка 2026 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 засталіся ў Беларусі. 15 чалавек, у тым ліку Андрэеву, выслалі ў Літву.

Падзяліцца: