Мінск 11:51

Вучэнні міратворчых сіл і падраздзяленняў РХБ-абароны АДКБ на беларускай тэрыторыі пройдуць 12–16 кастрычніка

Ілюстрацыя на сайце ПА АДКБ

6 жніўня, Позірк. Аб’яднаны штаб Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) узгадніў задумы вучэнняў “Непарушнае братэрства” (Калектыўныя міратворчыя сілы) і “Бар’ер” (сумесныя фарміраванні радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама медыцынскага забеспячэння).

Паводле інфармацыі начальніка дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочніка міністра абароны па пытаннях МВС Валерыя Равенкі, вучэнні пройдуць 12–16 кастрычніка на палігоне “Лосвіда” (месціцца за 13 км на паўночны захад ад Віцебска; знаходзіцца ў падпарадкаванні 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады).

Варта адзначыць, што на пачатку чэрвеня Міністэрства абароны паведамляла, што прадстаўнікі “зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў” Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ абмеркавалі ў Мінску дэталі гэтых вучэнняў. Тады заяўлялася, што бакі разгледзелі і ўзгаднілі “задумы вучэнняў, склады камандавання і нацыянальных кантынгентаў, парадак адпрацоўкі практычных дзеянняў, а таксама пытанні арганізацыі ўсебаковага забеспячэння”.

Акрамя таго, паведамлялася, што была “праведзеная рэкагнасцыроўка раёнаў правядзення вучэнняў” на двух палігонах — “Лосвіда” і “Старадаражскі” (спецыялізаваны аб’ект 8-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны; месціцца ў Мінскай вобласці).

Паведамлялася, што падчас вучэнняў плануецца адпрацаваць “падрыхтоўку і правядзенне міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ і ліквідацыю крыніц біялагічных пагроз”.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных яе ўдзельнікаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.

Падзяліцца: