Мінск 14:15

Прэзідэнт Алжыра можа неўзабаве наведаць Беларусь

сцяг Алжыра
Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

6 жніўня, Позірк. Пра намер прэзідэнта Алжыра Абдэльмаджыда Тэбуна “актыўна працаваць над выкананнем раней дасягнутай дамоўленасці пра наведванне Беларусі ў найбліжэйшы час” заявіў алжырскі дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных супольнасцяў за мяжой і афрыканскіх спраў Ахмед Атаф 6 жніўня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба апошняга.

Заяўляецца, што Атаф перадаў Лукашэнку пасланне ад Тэбуна, у якім той пацвердзіў “глыбокае сяброўства” з беларускім палітыкам і гатоўнасць працаваць з ім “плячо ў плячо” для падвышэння ўзроўню двухбаковых стасункаў.

Гаспадар сустрэчы, у сваю чаргу, заявіў, што Мінск і Алжыр могуць рэалізаваць шэраг сумесных праектаў. Паводле яго слоў, Беларусь вырабляе прадукцыю, якая “сёння, а можа, і заўтра неабходная Алжыру”, і бакам варта паскорыць працу па канкрэтных дамоўленасцях. Палітык таксама заявіў, што “застаўся пад уражаннем” ад сустрэчы з Тэббунам падчас свайго візіту ў гэтую арабскую краіну ў Паўночнай Афрыцы напрыканцы 2025 года.

Лукашэнка, сустракаючыся 26 траўня ў Мінску са старшынёй Нацыянальнага народнага сходу парламента Алжыра Ібрагімам Бугалі, заявіў пра “абсалютную спалучальнасць” эканомік дзвюх краін.

Нягледзячы на гучныя заявы палітыкаў і згаданы Лукашэнкам візіт у Алжыр, абедзве краіны не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной і акрэдытаваныя толькі на ўзроўні амбасадараў па сумяшчальніцтве.

На згаданай сустрэчы з Бугалі беларускі палітык заявіў, што Алжыр і Мінск разглядаюць магчымасць адкрыць амбасады і наладкаваць прамыя авіязносіны паміж краінамі.

Лукашэнка наведваў Алжыр у снежні 2025 года — паміж пералётамі ў Аман. Пасля перамоў з алжырскім прэзідэнтам госць заявіў пра дасягнутую дамоўленасць давесці тавараабарот з Алжырам да 500 млн долараў. Пры гэтым прэс-служба візіцёра прыводзіла статыстыку двухбаковага гандлю, паводле якой па выніках 2024 года ўзаемны тавараабарот склаў “крыху больш за 49 млн долараў, з якіх практычна ўвесь аб’ём — гэта беларускі экспарт”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

На сайце беларускай амбасады ў Егіпце, якая курыруе ў тым ліку стасункі з Алжырам, даных па двухбаковым тавараабароце няма. Адзначаецца, што ў красавіку 2025 года ў Мінску праведзенае першае пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, а яе другое пасяджэнне плануецца правесці ў Мінску ў 2026 годзе.

“Патэнцыйнымі ключавымі кірункамі двухбаковай супрацы” названыя прамысловасць, сельская гаспадарка і харчовая бяспека, фармацэўтыка.

Падзяліцца: