Мінск 15:36

Ціханоўская заклікала “зрабіць усё магчымае, каб злачынствы рэжыму не засталіся беспакаранымі”

Фота: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Зрабіць “усё магчымае, каб злачынствы рэжыму не засталіся беспакаранымі”, заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 жніўня ў Варшаве на дадатковым мерапрыемстве напярэдадні канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Палітык заклікала падтрымаць Літву ў справе супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе, а таксама Украіну — у расследаванні незаконнага вывазу дзяцей з яе тэрыторыі у тым ліку ў Беларусь.

“І, канешне, кіраўніцтва Беларусі павінна панесці адказнасць за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны ў рамках Спецыяльнага трыбуналу, — сказала палітык. — Для Аб’яднанага пераходнага кабінета, для Офіса [Ціханоўскай], для ўсіх дэмакратычных сіл пытанне адказнасці — гэта абсалютны прыярытэт. Без справядлівасці ніякія перамены не будуць трывалымі. Інакш мы зноў і зноў будзем хадзіць па замкнёным коле, а злачынствы будуць паўтарацца”.

Паводле яе слоў, адказнасць павінны несці тыя асобы, што прымалі рашэнні, “якія ператварылі Беларусь у плацдарм для расійскай агрэсіі супраць Украіны”, у выніку чаго “церпяць і беларусы, і ўкраінцы”, а сама Беларусь стала “закладніцай двух дыктатараў”.

Ціханоўская падкрэсліла, што з першых дзён поўнамаштабнай вайны дэмсілы паслядоўна асуджалі акт агрэсіі, збіралі доказы саўдзелу рэжыму ў вайне і даказвалі, што гэта адбывалася супраць волі беларускага народа.

“Беларусы сваім супрацівам паказалі, што яны стаяць на баку Украіны. Наш апошні візіт ва Украіну пацвердзіў: Украіна выразна адрознівае беларускі народ ад незаконнага рэжыму і гатовая падтрымліваць нашы ініцыятывы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці”, — сказала яна.

Палітык верыць у міжнароднае правасуддзе але разумее, што гэта “доўгі і складаны працэс, які патрабуе доказаў, фактаў, лічбаў і часу”.

Пятая канферэнцыя “Новая Беларусь” сёлета праходзіць у Варшаве (сайд-івэнты — 7 жніўня, асноўная праграма — 8–9 жніўня). Штогадовае мерапрыемства, як правіла, праводзіцца ў перыяд гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

На першай канферэнцыі ў 2022 годзе ў Вільнюсе Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета, прызначыла яго прадстаўнікоў.

На другім форуме ў 2023 годзе ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.

Падчас трэцяй канферэнцыі ў 2024-м ў Вільнюсе сярод іншага была падпісаная “Платформа 2025” — сумесная стратэгія дзеянняў дэмсіл на год.

У 2025 годзе ў Міністэрства замежных спраў Беларусі напярэдадні канферэнцыі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому “ўручаная адпаведная нота” ў сувязі з планаваным мерапрыемствам і вулічнай акцыяй.

Сілавікі неаднаразова пагражалі ўдзельнікам палітычных акцый за мяжой, супраць іх ініцыяваўся крымінальны пераслед.

Падзяліцца: