Ціханоўская: З кожным годам становіцца ўсё больш відавочна, што 2020-ты незваротна змяніў Беларусь

9 жніўня, Позірк. З заявай з нагоды шостай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020-га выступіла 9 жніўня ў сваім ютуб-канале дэмакратычны лідар, кандыдат у той электаральнай кампаніі Святлана Ціханоўская.
“Шэсць гадоў — гэта вельмі шмат. За гэты час у кагосьці нарадзіліся дзеці. Хтосьці месяцамі чакаў лістоў з турмы. Хтосьці навучыўся хаваць трывогу ад бацькоў і дзяцей. Працаваць, усміхацца, адказваць “усё нармальна”, калі насамрэч зусім не нармальна”, — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, амаль у кожнай беларуская сям’і з’явілася сваё “да” і “пасля”: “Затрыманні, ператрусы, хуткі ад’езд з адной валізкай”.
“Змянілася і само штодзённае жыццё. Краіна штогод губляе найважнейшых спецыялістаў. З’язджаюць лекары, настаўнікі, ІТ-спецыялісты. У аптэках няма патрэбных медыкаментаў. Праблемы з банкамі і картамі. Складанасці з візамі і падарожжамі. Да таго ж у Беларусі людзі былі вымушаныя навучыцца уважліва падбіраць словы. І кожны дзень правяраць, ці ўсё ў парадку з блізкімі. Вось як сёння выглядаюць наступствы рэпрэсій”, — адзначыла палітык.
“Нам па-ранейшаму балюча, — дадала яна. — І шэсць гадоў чакання — дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс. Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочна: 2020-ы незваротна змяніў Беларусь”.
Беларусаў сёння “прымушаюць маўчаць”, падкрэсліла Ціханоўская. “Але гэта не значыць, што мы пагадзіліся. Нас раскідала па розных гарадах і краінах, але мы не сталі чужымі адно аднаму. Нас спрабуюць пераканаць, што ўсё было дарэмна, але мы ўжо ведаем, якой можа быць Беларусь і якімі можам быць мы самі”, — заявіла палітык.
“Для мяне 9 жніўня — гэта абяцанне не забыць. Не забыць, што мы — адна нацыя. Не забыць таго самага моманту, калі ў натоўпе з дзясяткаў тысяч чалавек з’явілася адчуванне, што мы здольныя на ўсё. Хтосьці ўсміхаецца, хтосьці падае ваду, людзі клапоцяцца адно пра аднаго. І нас шмат. І мы ўсе хочам аднаго — быць вольнымі ды людзьмі звацца”, — сказала Ціханоўская.
Сёння, паводле яе меркавання, тое адчуванне можа выглядаць інакш: “Не патрабаваць геройства ад тых, хто штодня жыве ў страху за сябе і блізкіх. Дапамагчы камусьці з працай ці пераездам. Не вырашаць, хто зрабіў дастаткова, а хто — не. Не даваць цяжкім гадам зрабіць нас чужымі і недаверлівымі”.
“Мне важна, каб 9 жніўня засталося не толькі на старых фотаздымках і відэа. А каб яно захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам”, — адзначыла дэмлідар.
“Мы не ведаем, — дадала палітык, — якія падзеі чакаюць нас наперадзе і калі з’явіцца магчымасць змяніць лёс краіны. Але аднойчы Беларусі зноў спатрэбіцца наша здольнасць давяраць, дзейнічаць разам і браць адказнасць. І да гэтага моманту нам трэба дайсці не зламанымі і не чужымі адно аднаму, а людзьмі, якія ўсё яшчэ памятаюць, дзеля чаго мы выйшлі шэсць гадоў таму”.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаВячорка: Цікавасць да канферэнцыі "Новая Беларусь" вызначае нашу суб'ектнасцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПатрэбныя ідэі, каб разварушыць беларусаў замежжа, лічыць ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКанферэнцыя "Новая Беларусь" заўжды прыводзіць да "змены палітык" — БаркоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБабарыка ўсумніўся ва ўплыве дэмсіл, спаслаўшыся на меркаванні "сяброў у Беларусі", Латушка парыраваў: "У нас розныя сябры"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка

