Лукашэнка сцвярджае, што АБСЕ ніяк не рэагуе на вайну, якая “не першы год” ідзе ў Еўропе

3 лістапада, Позірк. Улады Беларусі будуць змагацца за тое, каб Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) “вярнулася да сваіх прафесійных абавязкаў і працавала ў кірунку бяспекі і супрацы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром АБСЕ Ферыдунам Сінірліаглу.
“Што тычыцца АБСЕ, мушу сказаць, што ў нас неадназначнае стаўленне да гэтай арганізацыі ў сілу вядомых вам прычын”, — цытуе палітыка яго прэс-служба. “Вядомыя прычыны” ён не назваў.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён прытрымліваецца таго пункту гледжання, што сёння планеце патрэбныя “шматпалярны свет і разнастайнасць”. “У душы, я ўпэўнены, вы гэтага прынцыпу прытрымліваецеся. Вы — чалавек дасведчаны, — сказаў ён. — У ваш час закладалася гэтая ідэя — супрацы розных краін, супрацы ўсіх і з усімі, дыялогу і размовы. Таму невыпадковы ваш прыезд на нашу канферэнцыю [па бяспецы]. Мы гэта вельмі шануем”.
“У Еўропе не першы год ідзе вайна. Для АБСЕ гэта сур’ёзны выклік. Ніякай рэакцыі з боку гэтай арганізацыі. Магчыма, яна і ёсць, але я пра яе нічога не ведаю. А трэба было б, каб кіраўнікі дзяржаў — членаў АБСЕ пра гэта ведалі”, — дадаў Лукашэнка, верагодна, маючы на ўвазе поўнамаштабную вайну, развязаную ў 2022 годзе Расіяй супраць Украіны, у якой яго рэжым падтрымлівае Маскву.
Варта адзначыць, што пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну АБСЕ асудзіла дзеянні Крамля, назваўшы іх грубым парушэннем міжнароднага права. Арганізацыя неаднаразова заклікала спыніць вайну і аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць украінскай дзяржавы.
Лукашэнка заявіў, што АБСЕ “скацілася на рэйкі нейкай крытыкі толькі ў адным кірунку і адных і тых жа дзяржаў”. Паводле яго слоў, арганізацыя “накіроўвае на выбары” ў такія краіны “місію назіральнікаў з загадзя падрыхтаванымі дакладамі”. Пры гэтым спікер не згадаў, што ўлады Беларусі на апошніх электаральных працэдурах стваралі для структур АБСЕ такія ўмовы, якія фактычна не дазвалялі ім удзельнічаць у назіранні.
“Яшчэ раз паўтару: арганізацыя павінна займацца бяспекай і супрацоўніцтвам у Еўропе. Падтрымліваць і наводзіць парадак у нашым агульным доме, еўрапейскім”, — заявіў Лукашэнка.
Раней намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў “нелагічным” і “неадэкватным” візіт Сінірліаглу ў Мінск, але ў той жа час папрасіў яго ўзняць пытанне палітвязняў.
Візіт у Мінск генеральнага сакратара АБСЕ анансаваў 30 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта. Тады было заяўлена, што Сінірліаглу наведае IV штогадовую “Мінскую міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы” 3–4 лістапада.
Латушка лічыць "нелагічным" і "неадэкватным" візіт генсека АБСЕ ў Мінск, просіць яго ўзняць пытанне палітзняволеных

- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля аднадзённага перапынку мігранты працягнулі атакаваць мяжу Беларусі і ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД наблізілася да 6,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў кастрычніку знізіўся на 1,7%, з пачатку 2026 года — вырас на 0,9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаТрэці год запар актыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС у кастрычніку ніжэйшая, чым у верасні — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


