Мінск 13:43

Вайна Расіі супраць Украіны ўжо закранае тэрыторыю Беларусі, вынікае з заявы Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

3 лістапада, Позірк. Вайна Расіі супраць Украіны ўжо закранае тэрыторыю Беларусі, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 3 лістапада на IV штогадовай “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”.

“Мы хочам найхутчэйшага мірнага ўрэгулявання, — сказаў ён. — Кровапраліцце, супрацьстаянне, у якое апынуліся ўцягнутымі два братнія нам народы, адбываецца проста ля нашай мяжы. І я мушу сказаць, не ля мяжы, а ўжо, не буду называць факты, на тэрыторыі Беларусі. Некаму хочацца ўцягнуць Беларусь у гэтую вайну і развязаць эскалацыю. Але ўцягванне Беларусі ў вайну — гэта не проста эскалацыя. Гэта страшны новы ўзровень гэтай вайны. Мы робім усё для таго, каб не ўлезці ў гэтую вайну”.

Лукашэнка сцвярджае, што для яго дзіўна, але “прэзідэнт Расіі займае такую ж пазіцыю, ён гэта разумее”. Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін не мае мэты, “каб заўтра Беларусь была ўцягнутая ў гэтую вайну”.

Цяпер Расія ваюе на фронце працягласцю да тысячы кіламетраў, адзначыў спікер, дадаўшы наступнае: “Мяжа Беларусі з Украінай, калі мы будзем уцягнутыя ў гэтую вайну, гэта плюс яшчэ паўтары тысячы кіламетраў”.

“Мы ж разумеем з расіянамі, што нам будзе, калі давядзецца ваяваць, — складана закрыць гэты ўчастак, — прызнаў ён. — Мы разумеем, што з таго боку ўжо ваююць прадстаўнікі Захаду, адкуль ідуць так званыя найміты, хоць там ужо далёка не найміты. Мы разумеем, што гэта будзе страшная эскалацыя, вельмі небяспечная і вельмі нявыгадная для нас. Дык навошта ўлазіць у тое, што заўтра табе ніякага станоўчага выніку не дасць? Вось чыста па-чалавечы разважаем. Мы разумеем, што калі мы ўступаем у вайну, то ўвесь блок НАТО пад гэтай маркай таксама пачне супраць нас ваяваць. А гэта Польшча, Літва, Латвія і туды далей яшчэ дзве тысячы кіламетраў межаў. Вось 3,5 тысячы кіламетраў. Каму гэта трэба? Адсюль наша пазіцыя па Украіне”.

Лукашэнка таксама пракаментаваў пазіцыю беларускага народа, які не хоча вайны, і тое, што ён праз гэта не ўступае ў вайну: “Слухайце, для таго я і прэзідэнт, каб зыходзіць з волі і жадання беларускага народа. Чые ж я інтарэсы мушу прадстаўляць? І папракаць мяне ў гэтым не трэба. Так, сапраўды. Аніводны народ, якія вы прадстаўляеце тут на гэтай канферэнцыі, не хоча быць уцягнутым у канфлікт. Аніводны народ”.

Палітык, які ў лютым 2022 года прадказваў, што ўкраінскі народ пратрымаецца супраць Расіі “максімум тры-чатыры дні”, выказаў меркаванне, што “вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная”, бо “сіл няма і рэсурсаў няма”.

“Стаміліся ўсе. Калі я кажу пра рэсурсы, гэта не значыць, што недзе не хапае нейкіх рэсурсаў. У 2022 годзе гэтае супрацьстаянне магло скончыцца на працягу некалькіх тыдняў. Беларусь прыклала да гэтага нямала намаганняў. Але брытанскія сябры Кіева запатрабавалі ваяваць да апошняга ўкраінца, напампаваўшы нашу паўднёвую суседку зброяй. Рэальны шанец дасягнуць міру і выратаваць многія тысячы жыццяў быў страчаны”, — паўтарыў Лукашэнка наратывы расійскай прапаганды.

Спікер заклікаў спыніць эскалацыю як мага хутчэй, адзначыўшы, што “не сказаў бы, як многія журналісты кажуць, што ва Украіне цяпер мясарубка, не, але гіне шмат людзей з аднаго і з другога боку”.

22 кастрычніка ў Бранскай вобласці Расіі пацярпелі два грамадзяніны Беларусі. Адзін — у выніку трапляння беспілотніка ў фуру ў Жукаўскім раёне (быў шпіталізаваны, пагроза для жыцця адсутнічала), другі — пасля выбуху дрона каля сяла Дзяменка Навазыбкаўскай гарадской акругі (прызначанае амбулаторнае лячэнне).

8 кастрычніка 2026 года ў Бранскай вобласці беспілотнік атакаваў грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй. 31-гадовая грамадзянка Беларусі атрымала цяжкія раненні, ёй спатрэбілася аперацыя з ампутацыяй канцавін. МЗС Беларусі абвінаваціла Украіну ў наўмысным удары па грузавіку, Кіеў адхіліў абвінавачанні і заявіў пра адсутнасць пераканаўчых доказаў сваёй датычнасці.

2 ліпеня 2026 года беспілотнік атакаваў аўтобус Мінск — Анапа на пункце пропуску Красны Камень на мяжы Бранскай і Гомельскай абласцей. Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

17 чэрвеня 2026 года ў Бранскай вобласці Расіі беспілотнік атакаваў аўтобус з дзецьмі з Рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, які ехаў з Беларусі ў Геленджык. У аўтобусе знаходзіліся 44 чалавекі, у тым ліку 28 дзяцей. Загінула суправаджальніца групы Вікторыя Гарошка, жонка трэнера, восем чалавек атрымалі раненні, сярод іх шасцёра дзяцей.

Расійскія і ўкраінскія беспілотнікі неаднаразова заляталі ў паветраную прастору Беларусі на фоне вайны. 23 сакавіка 2025 года намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што баявыя дроны з тэрыторыі Украіны залятаюць у Беларусь “вельмі часта”, часам падаюць між жылымі дамамі. Паводле яго слоў, такія выпадкі адбываліся практычна кожны тыдзень.

У кастрычніку 2025 года дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч прызнаў, што расійскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы ўплываюць на траекторыю палёту беспілотнікаў, праз што частка з іх залятае на ўсходнюю тэрыторыю Беларусі.

У ліпені 2025 года беспілотнік упаў у двары шматпавярховага дома ў Фрунзенскім раёне Мінска, пашкодзіўшы прыпаркаваныя аўтамабілі. Следчы камітэт паведаміў, што апарат быў начынены тратылам і паражальнымі элементамі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Уначы над Гомелем было чуваць беспілотнік — СМІ

3 лістапада, Позірк. Пра пралёт беспілотніка з характэрным гукам "мапеда" ўначы 3 лістапада над Гомелем паведамляе рэгіянальны партал "Флагшток" са спасылкай на відавочцаў. Паводле інфармацыі гэтага СМІ, каля поўначы дрон праляцеў над Савецкім раёнам і паўднёвымі ўскраінамі абласнога цэнтра; карыстальнікі …
Падзяліцца: