Мінск 13:40

Лукашэнка гатовы правесці мірныя перамовы па Украіне ў сваёй рэзідэнцыі, але не згодны выконваць ролю пасярэдніка

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

3 лістапада, Позірк. Пра гатоўнасць “і далей рабіць рэальны ўнёсак ва ўрэгуляванне канфлікту” ва Украіне і мінімізацыю яго наступстваў заявіў 3 лістапада Аляксандр Лукашэнка на IV штогадовай “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”.

Паводле слоў спікера, “альтэрнатывы мірнаму вырашэнню ўсё адно няма”. “Калі хочаце дамовіцца — я звяртаюся да тых, хто хоча дамовіцца, — калі ласка, прыязджайце. Прыязджайце ў Мінск. У любым месцы — у “Прэзідэнт-Атэлі”, у Палацы Незалежнасці — усё аддаю. Прыходзьце, як гэта некалі было, будзем дамаўляцца”, — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь уцягнутая “ў гэты ўкраінскі канфлікт”. “Прыходзьце, будзем размаўляць. Без усялякага пасярэдніцтва. Я не хачу выконваць гэтую ролю пасярэдніка. Тым больш што нашыя інтарэсы ў гэтых перамовах немалыя, сур’ёзныя”, — дадаў ён.

Пасля заканчэння вайны, на думку Лукашэнкі, “ніякі Захад Украіну аднаўляць не будзе”. Гэтым, сцвярджае ён, будуць займацца суседнія краіны: “Украінцы павінны разумець, што мы, расіяне і яны вымушаныя будзем аднавіць Украіну і зрабіць усё, каб народы пра гэта забыліся”.

Паводле прагнозу Лукашэнкі, вайна ва Украіне “ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная”. “Гэта маё асабістае меркаванне. Усё: сіл няма, рэсурсаў няма, стаміліся ўсе”, — заявіў ён.

Спікер таксама падкрэсліў, што “хопіць усім нафты, газу і іншых рэсурсаў”.

“Трэба дамовіцца хаця б пра простае. Трэба перастаць страляць. Трэба размаўляць адно з адным. Не хочаце ў Мінску? Давайце ў любой іншай краіне. Мы прыедзем туды з задавальненнем шырокай дэлегацыяй”, — адзначыў спікер.

“На гэтым заснаваная пазіцыя Беларусі па Украіне. Мы хочам найхутчэйшага мірнага ўрэгулявання”, — заявіў Лукашэнка.

Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай расійскай агрэсіі супраць Украіны, за гэта ў дачыненні да краіны дэмакратычнымі дзяржавамі ўведзеныя шматлікія санкцыі.

У лютым 2022 года з тэрыторыі Беларусі пачалося сухапутнае ўварванне расійскіх войскаў у паўночныя рэгіёны Украіны, уключаючы спробу захопу Кіева.

У першы год поўнамаштабнай вайны з беларускіх аэрадромаў і стартавых пазіцый па ўкраінскіх гарадах актыўна наносіліся авіяцыйныя ўдары і ажыццяўляліся пускі сотняў крылатых і балістычных ракет. Інфраструктура Беларускай чыгункі выкарыстоўвалася для маштабнай перакідкі расійскай ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу. Беларускія шпіталі прымалі і лячылі параненых расійскіх вайскоўцаў.

Апошнім часам Лукашэнка рэгулярна выступае з заявамі пра неабходнасць спынення агню і прапануе Беларусь у якасці пляцоўкі для мірных перамоў, перыядычна прагназуючы завяршэнне канфлікту. Пры гэтым беларускія прадпрыемствы працягваюць працаваць на вайскова-прамысловы комплекс Расіі.

Палітычнае кіраўніцтва Беларусі ў сваёй рыторыцы транслюе наратывы Крамля, абвінавачваючы краіны Захаду ў эскалацыі і мілітарызацыі, і праводзіць дэманстратыўныя праверкі баявой гатоўнасці сваіх войскаў ля межаў з Украінай і ЕС.

Падзяліцца: