Ціханоўская: Перамоўны працэс наконт палітвязняў працягваецца

13 жніўня, Позірк. Перамоўны працэс паміж ЗША і Беларуссю наконт вызвалення палітычных зняволеных працягваецца. Пра гэта ў інтэрв’ю нямецкай медыякампаніі «Нямецкая хваля» (Deutsche Welle, DW) заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
Паводле яе слоў, у дэмакратычных сіл наладжаная “пастаянная камунікацыя з амерыканскім бокам”. Акрамя таго, палітык рэкамендавала чытаць старонкі ў сацыяльных сетках спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла, які заклікае не губляць надзеі.
“Мы не можам усяго распавядаць, бо камунікацыя зыходзіць з амерыканскага боку. Што тычыцца ўплыву, трэба разумець: нашы праваабаронцы працуюць разам з палітыкамі, з іншымі структурамі, якія рыхтуюць інфармацыю, каго яшчэ пасадзілі, якія новыя імёны палітвязняў з’явіліся, хто трапіў у спісы людзей з цяжкай сітуацыяй па здароўі”, — адзначыла дэмлідар.
Яна падкрэсліла неабходнасць захавання на парадку дня праблемы працягу рэпрэсій: “Перамовы ідуць, а новых людзей працягваюць саджаць”.
Паводле слоў Ціханоўскай, дэмсілы не могуць дыктаваць, каго менавіта неабходна адпускаць. Аднак яна назвала “важным крокам” каардынацыю амерыканскім бокам сваіх дзеянняў. “Дыпламатычная служба офіса наўпрост кантактуе з адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа і Дзяржаўным дэпартаментам. На жаль, наш сябар [намеснік памочніка дзяржсакратара па Усходняй Еўропе] Крыс Сміт сыходзіць з пасады, замест яго будзе іншы чалавек“, — паведаміла палітык.
Яшчэ адным важным трэкам у камунікацыі з амерыканцамі яна назвала недапушчэнне таго, каб кантакты паміж Вашынгтонам і Мінскам ператварыліся ў легітымізацыю рэжыму Лукашэнкі.
На думку Ціханоўскай, амерыканскія партнёры”не наіўныя, разумеюць, хто такі Лукашэнка”. “Разам з тым, мы разумеем, [амерыканцы павінны] рабіць пэўныя саступкі, каб рэжым вызваляў людзей“, — дадала яна.
Апошні ўказ аб памілаванні (32 асуджаных — 20 жанчын і 12 мужчын) Лукашэнка падпісаў 1 ліпеня 2026 года. Ён быў прымеркаваны да Дня незалежнасці, які афіцыйна адзначаецца 3 ліпеня. Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што 28 памілаваных было асуджана за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці“. Невядома, ці звязана гэта з амерыканскім “трэкам”.
28 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Варшаве Джон Коўл анансаваў чарговую паездку ў Беларусь “праз два-тры тыдні“ і падкрэсліў, што ЗША нацэленыя на вызваленне ўсіх палітзняволеных у Беларусі. Аднак візіт дагэтуль не адбыўся. Апошні раз Коўл быў у Мінску ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх толькі 15 было выслана за мяжу, як гэта было з усімі астатнімі, каго выпускалі па выніках перамоваў з Вашынгтонам (за выключэннем Мікалая Статкевіча). Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
У дзень згаданай прэс-канферэнцыі Коўла на беларуска-польскай мяжы адбыўся шматбаковы абмен “5 на 5“. Сярод вызваленых быў палітвязень, беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць заключыць “вялікую ўгоду” з Вашынгтонам. Упершыню ён пра гэта сказаў 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў.
20 сакавіка гэтага года, распавядаючы прапагандыстам пра перамовы з амерыканцамі, Лукашэнка зноў казаў пра “вялікую ўгоду“ з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую ўгоду і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.
30 сакавіка Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні Савета міру. На першае ў лютым той не паехаў.
З мінулага года Лукашэнка рэгулярна сустракаецца ў Мінску з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Коўлам і публічна адмаўляе якое-небудзь дачыненне беларускіх дэмсілаў да кантактаў з ЗША і вызвалення палітвязняў. 13 траўня Коўл паведаміў пра «добрую размову» з Ціханоўскай па тэлефоне. Адной з тэм былі палітвязні.
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі 77 спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 жніўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
