Мінск 02:15

Новы кіраўнік Мінпрыроды заклікаў Белгідрамет павышаць дакладнасць прагнозаў надвор’я

Відэазапіс: Мінпрыроды / стоп-кадр: "Позірк"

14 жніўня, Позірк. Павышаць дакладнасць прагнозаў надвор’я заклікаў Белгідрамет новы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Лысенка.

“Трэба павышаць дакладнасць прагнозаў, пашыраць магчымасці і паляпшаць метады своечасовага вызначэння небяспечных прыродных з’яў“, — заявіў чыноўнік, наведваючы метэастанцыю Мінск.

Паводле слоў Лысенкі, якога цытуе прэс-служба ведамства, існуючыя падыходы да прагназавання небяспечных з’яў прыроды патрабуюць адаптацыі да сучасных умоў, і працу над удасканаленнем сістэмы неабходна працягваць у абавязковым парадку.

У паведамленні Мінпрыроды гаворыцца, што чыноўнік “не толькі азнаёміўся з працэсам працы сіноптыкаў, але і ўласнаручна запусціў аэралагічны зонд!“.

Адзначаецца, што зонды фіксуюць тэмпературу, вільготнасць, ціск і вецер на розных вышынях. Гэта “крытычна важна для вызначэння траекторыі і хуткасці паветраных мас; ацэнкі энергіі няўстойлівасці атмасферы; прагназавання летніх канвектыўных з’яў (навальніцы, ліўні, град, шквалы), якія часта носяць лакальны характар, але могуць нанесці сур’ёзны ўрон“.

Заявы Лысенкі пра неабходнасць павышаць дакладнасць прагнозаў прагучалі праз тыдзень пасля чарговага стыхійнага бедства ў Беларусі.

У дзень яго візіту на метэастанцыю Белгідрамет выпусціў тлумачэнне, чаму немагчыма загадзя прадказаць фармаванне летніх штармоў, а толькі за 20-40 хвілін і чаму асяродкі іх узнікнення не бачаць лічбавыя мадэлі.

Лысенка быў прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 11 чэрвеня 2026 года. Да гэтага менш за год займаў пасаду першага намесніка міністра.

Папярэдні кіраўнік ведамства Сяргей Масляк знаходзіцца пад вартай па абвінавачанні ў хабарніцтве.

Падзяліцца: