Мінск 19:20

Мінабароны акрэдытавала новага ваеннага аташэ Германіі

Фота: Мінабароны

21 жніўня, Позірк. У Міністэрстве абароны акрэдытаваны новы ваенны аташэ Германіі падпалкоўнік Міхаэль Герстенекер, вынікае з паведамлення ведамства 21 жніўня.

Папярэдні аташэ Штэфан Янку завяршыў сваю місію ў Беларусі.

Паведамляецца, што ў сувязі з гэтым у дэпартаменце міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны прайшла сустрэча з прадстаўнікамі амбасады Германіі ў Беларусі.

На сустрэчы, як заяўляецца, бакі абмяняліся думкамі па “актуальных пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі”, абмеркавалі “стан і перспектывы ўзаемадзеяння ў ваеннай сферы”.

Амбасаду ФРГ у Беларусі ўзначальвае павераная ў справах Германіі Катрын аўс дэм Зіпен.

Яна ўручыла даверчыя граматы міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову 25 лістапада 2025 года.

“Адбылося абмеркаванне стану і перспектыў развіцця беларускага-германскіх адносін з улікам існуючых міжнародна-палітычных рэалій, актуальнай сітуацыі ў рэгіёне”, — адзначала тады ў сувязі з дыпламатычнай працэдурай МЗС.

Было заяўлена пра гатоўнасць беларускага боку да “наладжвання прагматычнага і раўнапраўнага дыялогу з ФРГ і ЕС, заснаванага на ўзаемнай павазе і ўліку інтарэсаў бакоў”.

Пасля прызначэння аўс дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў, (падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з Мінскім і Маскоўскім рэжымамі), узначальваюцца часовымі паверанымі ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Папярэдніца Катрын аўс дэм Зіпен Андрэа Віктарын таксама была часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

Падзяліцца: