Мінск 20:02

Белгідрамет абвясціў чырвоны ўзровень небяспекі з-за спякоты і аранжавы — з-за шквалістага ветру

21 жніўня, Позірк. Найвышэйшы ўзровень небяспекі ў Гомельскай вобласці з-за высокіх тэмператур у рэгіёне абвясціў на 22 жніўня Белгідрамет.

Днём па паўднёвым усходзе максімальная тэмпература паветра дасягне +35, +36℃, месцамі +30, +34℃, паведамляюць сіноптыкі.

Таксама 22 жніўня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы, ноччу пры навальніцах месцамі шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. У дзённыя гадзіны ў многіх раёнах чакаецца ўзмацненне заходняга ветру парывамі 15-20 м/с, па паўночным захадзе 21-24 м/с, у асобных раёнах 25-27 м/с. У Мінску чакаецца навальніца, у дзённыя гадзіны — узмацненне заходняга ветру парывамі 15-20 м/с.

Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.

МНС заклікала грамадзян планаваць адпачынак і паездкі з улікам прагнозу надвор’я, не рызыкаваць і па магчымасці адмовіцца ад адпачынку на прыродзе.

20 жніўня на беразе возера каля вёскі Забор’е ў Лагойскім раёне (Мінская вобласць) мужчына загінуў у выніку падзення на яго дрэва. Паводле папярэдняй інфармацыі, моцным парывам ветру “сасну вырвала з коранем, пасля чаго дрэва ўпала на мужчыну”.

У сутачнай зводцы МНС паведамляецца, што за мінулыя суткі з прычыны ўзмацнення ветру з парывамі да 15 м/с пашкоджаны дах аднаго прыватнага жылога дома — у Хойніках (Гомельская вобласць). У чатырох раёнах Гомельскай вобласці зафіксавана 9 выпадкаў падзення дрэў (у Ельскім раёне — пяць, Хойніцкім — два, Рэчыцкім і Рагачоўскім — па адным). Работнікі МНС і іншых арганізацый займаліся распілоўкай і ўборкай паваленых дрэў. Пацярпелых няма.

29 чэрвеня абнавіўся рэкорд цяпла за ўсю гісторыю інструментальных метэаназіранняў: тэмпература ўпершыню перавысіла 40 градусаў і дасягнула адзнакі 40,4. Такі паказчык быў зафіксаваны ў Пінску (Брэсцкая вобласць).

Падзяліцца: