У Варшаве адбываецца развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам

22 жніўня, Позірк. У архікатэдральным саборы св. Яна Хрысціцеля ў Старым горадзе Варшавы 22 жніўня праходзіць развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам. Вядомы палітык і грамадскі дзеяч памёр 11 жніўня на 80-м годзе жыцця.
У сабор прыбыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, у якой Мілінкевіч з верасня 2023 года быў пазаштатным дарадцам у пытаннях збліжэння Беларусі з Еўразвязам і вяртання Беларусі ў палітычную, культурную і каштоўнасную прастору Еўропы.
На цырымоніі было зачытанае пасланне прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які пасмяротна ўзнагародзіў Мілінкевіча афіцэрскім крыжам ордэна “За заслугі перад Рэспублікай Польшча“.

“Менавіта дзякуючы Мілінкевічу многія беларусы заняліся палітыкай і грамадскай дзейнасцю. У 2006 годзе, калі ён пайшоў у прэзідэнты, людзі ўбачылі, што Беларусь можа быць іншай, еўрапейскай краінай, без Лукашэнкі“, — адзначыў у каментары “Позірку“ галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, які таксама прыйшоў на цырымонію развітання.
Мілінкевіч будзе пахаваны на вайсковых могілках “Павонзкі“ (Cmentarz Wojskowy na Powązkach). Яно было створанае ў 1912 годзе як аб’ект рускага вайсковага гарнізона, пасля 1918 года стала польскім ваенным некропалем. На сёння — найбольш вядомыя могілкі Варшавы. Там спачываюць шматлікія дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, паэты, мастакі, навукоўцы і прадстаўнікі культуры.

Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. У 1965 годзе з выдатнай адзнакай скончыў школу, у 1969-м — фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.
Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976-м абараніў дысертацыю “Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў”.
Працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам у ВНУ (у т.л. Алжыра), быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Стажыраваўся ва ўніверсітэтах Польшчы, ЗША Францыі, вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і досвед развіцця спорту ў Канадзе.
Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама па гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006-га. Сабраў больш за 250 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.
Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, набраў 6,12% галасоў.
Удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, адбыў палітычна матываваны адміністрацыйны арышт.
У 2006-2016 гадах быў лідарам Руху “За Свабоду”.
У 2017 годзе разам з пісьменніцай, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч і іншымі вядомымі дзеячамі зарэгістраваў у Варшаве фонд “Вольны беларускі ўніверсітэт”, з’яўляўся яго канцлерам.
26 кастрычніка 2006-га быў узнагароджаны штогадовай прэміяй імя Сахарава “За свабоду думкі”, заснаванай Еўрапейскім парламентам.
25 лістапада 2025 года жонка палітыка Іна Кулей паведаміла, што ён трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане. Перад гэтым Мілінкевіч перанёс аперацыю па стэнціраванні соннай артэрыі, якая на 80% была закрытая тромбам. Пасля яго выдалення і аднаўлення крывацёку рэзка падняўся ціск. Мілінкевіч быў уведзены ў медыкаментозны сон, каб арганізм не марнаваў сілы на рухі.

Пазней Мілінкевіч быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.
26 траўня Кулей звярнулася да грамадскасці з просьбай аказаць фінансавую дапамогу палітыку. Яна адзначыла, што наступствы лістападаўскай аперацыі “выявіліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся“. Сума, якая запытвалася на рэабілітацыю ў Варшаве — блізу 120 тыс. злотых (больш за 30 тыс. долараў), была сабраная за некалькі дзён.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаМігранты 150 дзён запар штурмуюць беларуска-латвійскую мяжуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 21 жніўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваНа патрабаванне ўладаў Польшчы за два тыдні яе добраахвотна пакінула 50 беларускіх грамадзян, прымусова — сама меней чатырыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства

