Мінск 14:59

У Варшаве адбываецца развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам

Фота: "Позірк"

22 жніўня, Позірк. У архікатэдральным саборы св. Яна Хрысціцеля ў Старым горадзе Варшавы 22 жніўня праходзіць развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам. Вядомы палітык і грамадскі дзеяч памёр 11 жніўня на 80-м годзе жыцця.

У сабор прыбыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, у якой Мілінкевіч з верасня 2023 года быў пазаштатным дарадцам у пытаннях збліжэння Беларусі з Еўразвязам і вяртання Беларусі ў палітычную, культурную і каштоўнасную прастору Еўропы.

На цырымоніі было зачытанае пасланне прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які пасмяротна ўзнагародзіў Мілінкевіча афіцэрскім крыжам ордэна “За заслугі перад Рэспублікай Польшча“.

Іна Кулей і Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

“Менавіта дзякуючы Мілінкевічу многія беларусы заняліся палітыкай і грамадскай дзейнасцю. У 2006 годзе, калі ён пайшоў у прэзідэнты, людзі ўбачылі, што Беларусь можа быць іншай, еўрапейскай краінай, без Лукашэнкі“, — адзначыў у каментары Позірку галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, які таксама прыйшоў на цырымонію развітання.

Мілінкевіч будзе пахаваны на Вайсковых могілках “Павонзкі“ (Cmentarz Wojskowy na Powązkach). Яно было створанае ў 1912 годзе як аб’ект рускага вайсковага гарнізона, пасля 1918 года стала польскім ваенным некропалем. На сёння — найбольш вядомыя могілкі Варшавы. Там спачываюць шматлікія дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, паэты, мастакі, навукоўцы і прадстаўнікі культуры.

Павел Латушка (злева), намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай
Фота: "Позірк"

Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. У 1965 годзе з выдатнай адзнакай скончыў школу, у 1969-м — фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.

Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976-м абараніў дысертацыю “Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў”.

Працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам у ВНУ (у т.л. Алжыра), быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Стажыраваўся ва ўніверсітэтах Польшчы, ЗША Францыі, вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і досвед развіцця спорту ў Канадзе.

Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама па гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.

Іна Кулей і Віктар Бабарыка
Фота: "Позірк"

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006-га. Сабраў больш за 250 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, набраў 6,12% галасоў.

Удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, адбыў палітычна матываваны адміністрацыйны арышт.

У 2006-2016 гадах быў лідарам Руху “За Свабоду”.

У 2017 годзе разам з пісьменніцай, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч і іншымі вядомымі дзеячамі зарэгістраваў у Варшаве фонд “Вольны беларускі ўніверсітэт”, з’яўляўся яго канцлерам.

26 кастрычніка 2006-га быў узнагароджаны штогадовай прэміяй імя Сахарава “За свабоду думкі”, заснаванай Еўрапейскім парламентам.

25 лістапада 2025 года жонка палітыка Іна Кулей паведаміла, што ён трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане. Перад гэтым Мілінкевіч перанёс аперацыю па стэнціраванні соннай артэрыі, якая на 80% была закрытая тромбам. Пасля яго выдалення і аднаўлення крывацёку рэзка падняўся ціск. Мілінкевіч быў уведзены ў медыкаментозны сон, каб арганізм не марнаваў сілы на рухі.

Афіцэрскі крыж ордэна "За заслугі перад Рэспублікай Польшча"
Фота: "Позірк"

Пазней Мілінкевіч быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.
26 траўня Кулей звярнулася да грамадскасці з просьбай аказаць фінансавую дапамогу палітыку. Яна адзначыла, што наступствы лістападаўскай аперацыі “выявіліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся“. Сума, якая запытвалася на рэабілітацыю ў Варшаве — блізу 120 тыс. злотых (больш за 30 тыс. долараў), была сабраная за некалькі дзён.

Падзяліцца: