Мінск 21:46

Расійскі прапагандысцкі сайт распаўсюдзіў, а потым выдаліў інфармацыю ад імя КДБ Беларусі аб падрыхтоўцы за мяжой правакацыі “супраць краіны”

Ілюстрацыя: sputnik.by / скрыншот "Позірку"

21 жніўня, Позірк. “Органы дзяржбяспекі атрымалі інфармацыю аб падрыхтоўцы за межамі Беларусі рэзананснай правакацыі, накіраванай супраць інтарэсаў <…> краіны, паведамілі ў КДБ рэспублікі”, — такую ​​інфармацыю распаўсюдзіла 21 жніўня расійскае прапагандысцкае агенцтва “Спутник”.

“Паводле наяўных у распараджэнні беларускіх спецслужбаў звестак, прадстаўнікі радыкальных фарміраванняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, пры падтрымцы замежных куратараў абмяркоўваюць магчымыя варыянты правядзення правакацыі супраць Беларусі”, — гаворыцца ў ёй.

Мэтай названа “стварэнне інфаповада, накіраванага на далейшае ўзмацненне палітычнага і санкцыйнага ціску на Беларусь”.

“У КДБ адзначылі, што атрыманая інфармацыя цяпер аналізуецца і правяраецца. Таксама яна перададзена па ўстаноўленых каналах кампетэнтным органам сумежных дзяржаў”, — сказана ў паведамленні.

Сітуацыя “знаходзіцца на кантролі органаў дзяржаўнай бяспекі”: “Прымаюцца неабходныя меры па недапушчэнні пагроз бяспекі грамадзян і дзяржавы”.

Беларускія дзяржСМІ ні пра што такое не паведамляюць.

На працягу паўгадзіны пасля публікацыі навіна была даступная на сайце “Спутник. Беларусь”, яшчэ праз некаторы час — выдаленая.

Пры абнаўленні першапачатковай вэб-старонкі з’яўляецца паведамленне, што яна не знойдзена.

Ілюстрацыя: sputnik.by / скрыншот: "Позірк"

23 ліпеня паведамлялася, што Мінск паінфармаваў Варшаву аб падрыхтоўцы на тэрыторыі гэтай краіны тэрарыстычнага акта.

Беларускі МЗС заявіў, што часоваму паверанаму ў справах Польшчы Кшыштафу Ажане была перададзена інфармацыя, якая паступіла ў ведамства “па лініі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь адносна падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта”.

Сцвярджалася, што тэракт рыхтуецца “асобай, асуджанай у Беларусі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якая была нядаўна пазбаўлена польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражывання ў краіне”.

Мэтай “павінны стаць непаўналетнія дзеці актывісткі, якая жыве ў Польшчы, якая мае беларускае грамадзянства, з меркаванняў помсты за недастатковыя намаганні па захаванні за названай асобай названага вышэй статусу ў Польшчы”.

Польскія спецслужбы не каментавалі гэта, адначасова падкрэсліваючы, што “да ўсёй інфармацыі аб магчымых пагрозах падыходзяць з належнай сур’ёзнасцю”.

Тэму актыўна выкарыстоўвала беларуская дзяржпрапаганда.

Днём пазней у МЗС Беларусі заявілі, што тэракт нібыта рыхтуе “прыхільнік псеўдахрысціянскіх каштоўнасцяў”.

30 ліпеня праўладныя крыніцы абвінавацілі ў падрыхтоўцы да злачынства актывіста Дзяніса Дашкевіча. У якасці ахвяраў згадваліся дзеці дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

1 жніўня палітык пацвердзіла паступленне пагроз, у тым ліку яе дзецям.

Падзяліцца: