Мінск 21:04

Мінчук на лецішчы ў Вілейскім раёне вырошчваў каноплі, узбуджана крымінальная справа

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

7 верасня, Позірк. У дачыненні да 39-гадовага жыхара сталіцы ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.

Мужчына, як адзначаецца, “вырошчваў каноплі на дачным участку” ў Вілейскім раёне (Мінская вобласць).

Паводле даных УУС, ён “замовіў насенне і высадзіў нарказмяшчальныя расліны”, пры гэтым “клапаціўся аб ураджаі грунтоўна”.

Акрамя таго, фігурант займаўся “сушкай расліннага матэрыялу — суквецці захоўваў у склепе, а лісце — у хляве“.

“Пры аглядзе ўчастка і пабудоў праваахоўнікі канфіскавалі кусты канопляў, марыхуану, ёмістасці з угнаеннямі і прыстасаванні для палення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту” (ч. 1 арт. 328 КК), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту” (ч. 2–5 арт. 328 КК).

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: