У 2026 годзе выяўлена каля 12 тыс. парушэнняў міграцыйнага заканадаўства — кіраўнік МУС

1 кастрычніка, Позірк. У 2026 годзе выяўлена каля 12 тыс. парушэнняў міграцыйнага заканадаўства, паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў 1 кастрычніка ў Душанбэ (Таджыкістан) на пасяджэнні Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц Садружнасці.
Паводле яго слоў, 3 тыс. замежных грамадзян выправаджаныя за межы краіны, прынята больш за 2 тыс. рашэнняў аб адмове замежнікам ва ўездзе. Адзначаецца змяншэнне колькасці выяўленых груп незаконных мігрантаў.
Кубракоў заявіў, што з прычыны геаграфічнага размяшчэння “Беларусь актыўна выкарыстоўваецца ў якасці транзітнага калідора мігрантамі, якія перамяшчаюцца на Захад з Азіі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Усходу”.
“Рэспубліка надае падвышаную ўвагу пытанням кіравання міграцыйнымі патокамі, паспяхова выконваючы задачы, вызначаныя Дэкларацыяй аб узгодненай міграцыйнай палітыцы краін Садружнасці, — сказаў міністр. — МУС ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі робіць шырокі спектр захадаў, скіраваных на падвышэнне эфектыўнасці кантролю і недапушчэнне дэстабілізацыі сітуацыі”.
За ўвесь 2025 год з Беларусі было выправаджана больш за 3 тыс. замежнікаў, заяўляла раней МУС.
29 верасня 2026-га Генеральная пракуратура паведаміла, што суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў дзвюх жыхарак сталіцы вінаватымі паводле ч. 2 арт. 371¹ КК (арганізацыя незаконнай міграцыі) і прыгаварыў да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу: адну — на 2 гады, другую — на 2,5 года.
Жанчыны таксама аштрафаваныя на 200 базавых велічынь (9.000 рублёў) і 300 б.в. (13.500 рублёў) адпаведна.
Згодна з абвінавачаннем, адна з іх, з’яўляючыся дырэктарам розных арганізацый, “створаных мэтанакіравана”, з 2024 года па красавік 2026-га “арганізавала і садзейнічала дзейнасці па незаконным уездзе ў <…> Беларусь і знаходжанні на яе тэрыторыі не менш як 60 замежных грамадзян”.
23 ліпеня паведамлялася, што пракуратура Мінска накіравала ў суд крымінальную справу чатырох грамадзян Беларусі і трох замежнікаў, абвінавачаных у арганізацыі незаконнай міграцыі. Беларусаў абвінавацілі паводле арт. 371¹ КК, замежнікаў — у дапамаганні такой дзейнасці. Іх грамадзянства не называлася.
18 траўня паведамлялася, што грамадзянін “паўднёваазіяцкай дзяржавы” прыгавораны ў Віцебску да 1 года і 3 месяцаў пазбаўлення волі за арганізацыю незаконнай міграцыі і падробку дакументаў.
6 траўня Генпракуратура заявіла пра накіраванне ў суд Мінскага раёна крымінальнай справы за “садзейнічанне незаконнай міграцыі” ў дачыненні да двух жыхароў аграгарадка Калодзішчы.
20 сакавіка МУС паведаміла пра “перакрыццё канала нелегальнай міграцыі”. Былі затрыманыя двое мінчан і замежнік, якія, як заяўлялася, арганізавалі “незаконнае знаходжанне ў Беларусі 11 грамадзян азіяцкіх краін”.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце афіцыйнага курсу долара ў студзені–верасні 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаУ пяці банках новаўвядзенні пры працы з кліентаміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЗ Грузіі высланая група грамадзян прынамсі шаснаццаці краін, уключаючы БеларусьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка


