Мінск 10:06

За няпоўныя пяць дзён у Беларусь заляцела мінімум чатыры рэактыўныя БПЛА — “Флагшток”

9 кастрычніка, Позірк. З 4 да 8 кастрычніка (няпоўны дзень) зафіксавана мінімум чатыры ўварванні рэактыўных беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі, паведамляе рэгіянальнае выданне “Флагшток” са спасылкай на даныя ўкраінскіх маніторынгавых рэсурсаў.

Мінімум два БПЛА парушылі паветраную прастору краіны 4 і 5 кастрычніка (адзін рухаўся ў бок Мазыра, другі “вылецеў з зоны адчужэння [у] Гомельскай вобласці курсам на Чарнобыль”).

Раніцай 8 кастрычніка “сітуацыя паўтарылася”, адзначае выданне.

Паводле даных украінскага тэлеграм-канала “Рында маніторыць”, у 05:07 рэактыўны БПЛА зайшоў у Беларусь з зоны адчужэння ЧАЭС на тэрыторыі Украіны. Дрон пачаў рухацца курсам на Нароўлю, верагодна, ён жа ў 05:15 вылецеў з Беларусі ў бок украінскага Оўруча.

У 05:31 яшчэ адзін рэактыўны БПЛА ўварваўся на Гомельшчыну тым жа маршрутам. Што з ім адбылося далей, рэсурс не ўдакладняе.

У верасні было зафіксавана істотнае павелічэнне выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі, паведамляў “Флагшток”. Усяго за мінулы месяц расійскія беспілотнікі ўрываліся ў Гомельскую вобласць мінімум 21 раз. Гэта найбольшая колькасць на працягу аднаго месяца ад пачатку 2026 года (у жніўні такіх выпадкаў было сем).

Перыядычна паведамляецца не толькі пра залёт, але і пра падзенне на беларускай тэрыторыі баявых дронаў.

“Флагшток” адзначаў, што мінімум адзін расійскі БПЛА быў збіты над Гомелем 26 лютага.

14 сакавіка паведамлялася пра падзенне невядомага беспілотніка каля п. Рассвет Добрушскага раёна.

Ноччу 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі пра гукі, падобныя да дрона, які ляціць над дамамі. Афіцыйных каментарыяў ад уладаў не паступала. У 4:04 паводле мінскага часу камера відэаназірання зафіксавала выбух БПЛА на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

24 сакавіка “расійскі дрон упаў на агарод мясцовага жыхара, але не выбухнуў” блізу мяжы з Украінай у адной з вёсак Лоеўскага раёна (Гомельская вобласць), паведамляў “Флагшток”.

Пра тое, што каля в. Янова Сенненскага раёна (Віцебская вобласць) 23 траўня ўпаў БПЛА, пашкодзіўшы ЛЭП, паведамляў праваабарончы рэсурс “Віцебская Вясна”.

Раніцай 29 ліпеня 2025 года “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, які ўпаў, быў начынены трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачата крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і ўпалі на прылеглую да дома тэрыторыю.

За 2025 год у Беларусі абясшкоджана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў у сакавіку намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Пра паходжанне апаратаў ён не паведаміў.

Годам раней ён жа сцвярджаў, што ў Беларусь “вельмі часта” залятаюць БПЛА “з тэрыторыі Украіны” — падаюць “проста паміж дамамі”.

“Мы практычна штодня фіксуем парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. Нашы дзяжурныя сілы фіксуюць”, — заявіў 3 траўня камандуючы ВПС і войскамі СПА УС Беларусі Андрэй Лук’яновіч. Паводле яго, “бывае, БПЛА адхіляюцца і парушаюць паветраную прастору, у тым ліку сродкі радыёэлектроннай барацьбы ўплываюць на маршрут палёту”.

Улады Беларусі падтрымліваюць Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. 

Падзяліцца: